У Мінскай вобласці – чарговыя суботнія прамыя лініі

7 февраля 2015

Адказы на найбольш актуальныя пытанні. Сёння сталічная мэрыя правяла чарговую прамую лінію. На пытанні мінчан адказваў намеснік старшыні Мінгарвыканкама. Віктар Лапцеў курыруе пытанні архітэктуры і горадабудаўніцтва, распрацоўку генплана Мінска і ўзвядзенне жылля. На працягу трох гадзін намеснік мэра адказаў на дзясяткі пытанняў - наконт даўгабудаў, няякаснага выканання работ забудоўшчыкамі і празмернага ўшчыльнення беларускай сталіцы.

Прамая тэлефонная лінія прайшла сёння і ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце. На прамой сувязі быў намеснік губернатара Віктар Сірэнка. Асвятленне вуліц, жыллё для маладых сямей і камунальныя пытанні – з прапановамі і заўвагамі жыхары звярталіся на працягу трох гадзін. На месцы даваліся і канкрэтныя даручэнні.

Нагадаю, ва ўсіх абласных выканаўчых камітэтах і ў сталічнай мэрыі адзіны графік прамых тэлефонных ліній – па суботах з 9 да 12 гадзін.