У Мінскай вобласці налічваецца больш за 8 тысяч свабодных участкаў для будаўніцтва прыватных жылых дамоў. Акрамя гэтага, сёлета ў сталічным рэгіёне выдзелена 1300 гектараў пад узвядзенне індывідуальнай забудовы.
Чаму менавіта зараз пабудаваць дом у вёсцы прасцей, раскажа Аляксандр Харавец. Cвой дом на ўласным прысядзібным участку. Гэта мара амаль што кожнага гарадскога жыхара. І прапаноў у Мінскай вобласці больш чым дастаткова.
Cёння ў цэнтральным рэгіёне больш за 8 тысяч свабодных зямельных участкаў для продажу насельніцтву пад будаўніцтва жылых дамоў. У лідарах па незанятых надзелах Барысаўскі, Салігорскі, Пухавіцкі і Вілейскі раёны. Аднак найбольшай папулярнасцю ў жыхароў вобласці карыстаюцца ўчасткі, якія знаходзяцца ў радыусе 50 км ад сталіцы.
Акрамя гэтага, у вобласці выдзелена і 1300 гектараў зямель несельскагаспадарчага назначэння. Тут адвядуць яшчэ 8 тысяч надзелаў для індывідуальнай забудовы. Да таго ж пустуюць і 3 тысячы ўчасткаў у садовых таварыствах. Як правіла, рэалізуюцца яны праз аўкцыёны.
Cёлета ў Мінскай вобласці пайшлі з малатка паўтысячы надзелаў. Пры гэтым бюджэт папоўніўся амаль на 140 мільярдаў рублёў. Аднак часта кошт афармлення зямельнага надзелу перавышае цану самога ўчастка. Напрыклад, вось гэты ўчастак у вёсцы Малыя Гаяны каштуе 17 мільёнаў рублёў, аднак на падрыхтоўку неабходных папер землеўпарадкавальныя службы выдаткавалі каля 20 мільёнаў.
Аўкцыёны праходзяць у райвыканкамах некалькі разоў на месяц. У сярэднім на іх рэалізуюць 15-20 участкаў. Прыбыль пры гэтым ідзе на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Інфармацыя аб правядзенні аўкцыёнаў размяшчаецца на сайце аблвыканкама, а таксама на веб-старонках раённых камітэтаў. Больш падрабязную інфармацыю пра месцазнаходжанне зямельных участкаў, наяўнасць інфраструктуры, інжынерныя камунікацыі можна атрымаць у сельскім савеце. Пры жаданні ўчастак можна агледзець.













