У Мінскай вобласці кітайскую мову вывучае тысяча школьнікаў

17 сентября 2019

У школах Мінскай вобласці павялічваецца колькасць дадатковых урокаў і профільных  лінгвістычных заняткаў. У тым ліку і па вывучэнні кітайскай мовы. 

Разумець іерогліфы вучацца больш за тысячу дзяцей ва ўстановах адукацыі Барысаўскага, Смалявіцкага і Маладзечанскага раёнаў. Прычым урокі і факультатывы часцей праводзяць носьбіты мовы, з-за мяжы. Наталля Кезік працягне тэму.

Першы дзень на новым працоўным месцы. Антонія Кёр у Маладзечна прыехала з нямецкага горада Мюнстэр. Валанцёр на працягу года будзе працаваць памочнікам настаўніка нямецкай мовы ў дзясятай маладзечанскай гімназіі. Сёння паспела пабываць на некалькіх уроках  і дала майстар-клас па вымаўленні пэўных нямецкіх гукаў і слоў. 

Валанцёры ў дзясятую гімназію наведваюцца пяты год запар. Існуе тут і праграма абмену. Школьнікі з Германіі прыязджаюць на вучобу ў Маладзечна, а затым нашы вучні  едуць да сваіх новых сяброў за мяжу. Вучыць замежную мову ў асяроддзі заўсёды больш эфектыўна.

З першых вуснаў, але ўжо кітайскія іерогліфы таксама вывучаюць у гэтай гімназіі. Факультатыў наведваюць школьнікі з трэцяга па адзінаццаты клас. Настаўнік Баа Лю - бакалаўр рускай мовы з Ціхаакіянскага ўніверсітэта Кітая - у Маладзечне працуе другі год. 

Акрамя заняткаў па кітайскай мове гімназісты ладзяць вечары ў стылі Паднябеснай, выконваюць кітайскія песні - хорам альбо сольна. 

Кабінет для вывучэння кітайскай мовы ў 14-й маладзечанскай школе адкрылі ў пачатку гэтага навучальнага года. 210 школьнікаў тут будуць вывучаць кітайскую мову. Факультатыўныя заняткі пачнуцца на наступным тыдні.

Усяго ў Мінскай вобласці кітайскую мову сёлета вывучаюць больш за тысячу дзяцей. У фармаце факультатываў ці звыклых урокаў па замежнай мове. Класы адкрытыя ў Смалявіцкім, Барысаўскім і Маладзечанскім раёнах.