У Мінскай вобласці штогод павялічваецца колькасць пакінутых будынкаў

25 апреля 2018

Сачыць за парадкам у пустых дамах не так проста. У Мінскай вобласці штогод павялічваецца колькасць пакінутых будынкаў. Што рабіць з такой нерухомасцю? Зносіць або шукаць нашчадкаў. Часам такія тэрыторыі перадаюць мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Антаніна Станкевіч працягне тэму.

Цішыню і спакой у вёсцы Дунайчыцы ўжо які дзень запар парушае шум экскаватара. Цяжка паверыць, але на гэтым месцы ўчора яшчэ былі руіны жылога дома. А праз тры дні наўрад ці што-небудзь нагадае пра тое, што тут некалі кіпела жыццё.

За ходам работ сочыць дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства. Дбайны гаспадар ведае: усё спатрэбіцца. Старыя дошкі і драўніна зімой пойдуць на мясцовую кацельню, бітыя камяні і цагліны - на падсыпку некаторых дарог. А праз тры дні на месцы былога дома з'явіцца магутны трактар і пераўтворыць зямлю ў разаранае поле ў восем гектараў, прыдатнае для кукурузы.

У якасці доказу дырэктар дэманструе вось такія міні-палі. Праўда, расце тут не кукуруза, а травы. Яны таксама з'явіліся на месцы былых жылых дамоў. Недалёка знаходзіцца малочна-таварны комплекс, так што забяспечыць жывёлін дадатковымі пашамі напярэдадні лета даволі важна.

Знесці нават адзін дом - справа даволі няпростая, тлумачыць старшыня сельсавета. Спачатку спецыялісты шукаюць нашчадкаў такіх дамоў. Ім прапануюць навесці парадак на сваіх тэрыторыях. І толькі калі людзі законныя патрабаванні ігнаруюць - суд і потым знос, і толькі ў такім парадку.

Праблемы з закінутым жыллём характэрныя ў першую чаргу для невялікіх вёсак. Людзі пераязджаюць у буйныя аграгарадкі ці гарады, а вось дамы застаюцца. За мінулыя гады гарадское насельніцтва вырасла амаль на 10 %. Усяго па краіне такіх пустых дамоў - больш за 15 тысяч.