У Мінскай вобласці актыўна ствараюць добраахвотныя пажарныя каманды

12 мая 2016

Яны паспяваюць не толькі працаваць на асноўным рабочым месцы, але і аказваць дапамогу прафесійным ратавальнікам падчас надзвычайных сітуацый. У Мінскай вобласці актыўна ствараюць добраахвотныя пажарныя каманды. Сёння у цэнтральным рэгіёне налічваецца 16 такіх дружын. На дзяжурства з ратавальнікамі-добраахвотнікамі заступіў і Аляксандр Харавец.

Гэтыя мужчыны хоць і не прафесійныя ратавальнікі, аднак падчас надзвычайных сітуацый заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Прычым добраахвотна. Валянцін Ждановіч у пажарную каманду трапіў тры гады таму. І адразу - за руль пажарнай машыны. 53-гадовы мужчына прызнаецца, праца не заўсёды простая, аднак дазваляе яму самарэалізавацца.

У пажарнай камандзе 4 добраахвотнікі. Працуюць суткі праз трое. Астатні час выконваюць службовыя абавязкі на асноўнай рабоце – на торфаздабыўным прадпрыемстве.

Нягледзячы на добраахвотніцтва, у гэтых мужчын прафесійная хватка. На апрананне амуніцыі затрачваюць каля хвіліны. Радыус выезду дружыны складае 5 кіламетраў. Такім чынам, да месца ўзгарання каманда прыбывае ўсяго за 5-6 хвілін.

На дзяжурстве ў добраахвотных ратавальнікаў сучасная тэхніка. Для прыкладу, такі ж МАЗ знаходзіцца і ў Бярэзінскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Машына змяшчае 5 тон вады. Гэтага цалкам хапае для лакалізацыі ўзгарання да прыбыцця прафесійных ратавальнікаў.

Як правіла, ратавальнікі-добраахвотнікі нясуць дзяжурства на тарфяных кар'ерах. У пажаранебяспечны перыяд выязджаюць на месцы ўзгарання травы і лесу. Сёння толькі ў Бярэзінскім раёне тры добраахвотныя пажарныя каманды. Да канца года плануюць стварыць яшчэ 2.

Сёння толькі ў Мінскай вобласці больш за 80 добраахвотных пажарных каманд. Яны налічваюць 2 тысячы чалавек. Толькі летась такія дружыны ліквідавалі амаль паўсотні ўзгаранняў. Тым самым выратавалі дзясяткі жыццяў і сотні гектараў лесу.