У Мінскім раёне здарыліся адразу 3 аварыі

2 декабря 2021

Складаныя дарожныя ўмовы прывялі да павелічэння колькасці ДТЗ. Так, сёння раніцай толькі ў Мінскім раёне здарыліся адразу 3 аварыі. Падчас першай сутыкнуліся адразу 4 аўтамабілі - пацярпелі 5 чалавек. Усе яны дастаўленыя ў бальніцу хуткай дапамогі. Аварыя адбылася на Маладзечанскай трасе. Вадзіцель "опеля" дапусціў занос і выехаў на сустрэчную паласу, дзе здзейсніў лабавое сутыкненне з грузавым аўтамабілем ГАЗ. Пасля ў іх ўрэзаліся яшчэ 2 машыны, якія ехалі ў спадарожным кірунку. Устаноўлена, што на аўтамабілі "опель" былі ўсесезонныя шыны рознага малюнка пратэктара са зношаным кордам.

З-за непагадзі колькасць аварый павялічылася

Яшчэ адна аварыя ў Мінскім раёне здарылася ў Віцебскім напрамку. У выніку сутыкнення пацярпелі 2 чалавекі. Трэцяе здарэнне - на трасе Мінск - Магілёў. Падчас яго таксама траўміраваны чалавек. ДТЗ адбыліся ў выніку невыканання бяспечнай хуткасці і неабходнай дыстанцыі падчас руху. Супрацоўнікі ДАІ нагадваюць: у сувязі з непагаддзю на аўто павінны быць выключна зімовыя шыны, а вадзіцелям варта рухацца максімальна ўважліва і не здзяйсняць неабдуманых манеўраў.