У мінскіх дварах ужо добраўпарадкавана амаль 7 тысяч дадатковых машына-месцаў

2 октября 2013

Плюс 2 тысячы парковачных месцаў у кожным раёне сталіцы. З пачатку года ў мінскіх дварах ужо добраўпарадкавана амаль 7 тысяч дадатковых машына-месцаў. Але нават гэтыя лічбы не вырашаюць набалелага пытання сталічных вадзіцеляў.


Як сумясціць самыя простыя запыты аўтамабілістаў і захаваць пры гэтым зялёныя зоны, высвятляла Наталля Рудакоўская. Сёння кожны другі мінчанін мае ўласны аўтамабіль. Да канца года ў кожным раёне сталіцы павінны з'явіцца па 2 тысячы дадатковых парковачных месцаў.


Другі кірунак - пашырэнне парковак ля дамоў - узрушыў гэтай восенню не адзін мінскі двор. Для жыхароў дома нумар 37 на вуліцы Карастаянавай будаўнічыя работы сталі непрыемным сюрпрызам. Замест дзіцячай пляцоўкі - паркоўка, замест зялёнай зоны - асфальт.


Пра зялёныя насаджэнні ў двары цяпер можна толькі ўспамінаць. 17 верасня тут пачалося будаўніцтва паркоўкі, пра якое жыхароў ніхто не папярэджваў.


Новыя горкі, клумбы і зеляніна. Але ўсё гэта - на малюнках. У рэчаіснасці - перакапаная зямля, асфальт і машыны. Побач размяшчаюцца дзяржаўныя стаянкі, на якіх можна знайсці амаль 30 свабодных месцаў.


Аўтаўладальнікі сапраўды могуць ініцыіраваць уладкаванне паркоўкі за кошт уласных сродкаў. Для гэтага неабходна звярнуцца ў ЖЭС па месцы жыхарства. Але ж па нормах яна не можа знаходзіцца блізка ад дзіцячай пляцоўкі і ў месцах, што блакіруюць доступ да інжынерных камунікацый. У ЖЭСе, які абслугоўвае вуліцу Карастаянавай i ў прыватнасці дом нумар 37, часу сустрэцца і растлумачыць, хто адказны за будаўніцтва паркоўкі, не знайшлі.


Сёння жыхары дома ўжо сабралі подпісы з 45-ці кватэр і напісалі ліст на імя мэра. Зберагчы зялёную тэрыторыю, якая амаль 50 гадоў стварала ўтульнасць і камфорт, яны лічаць сваім абавязкам.