У Мінску завяршыўся IV форум маладых журналістаў

23 сентября 2015

Сёння, у другі дзень працы,  тут прайшлі майстар-класы ад мэтраў беларускай журналістыкі. Акрамя таго, узнагародзілі лепшых у намінацыі "Дэбют" - за рэпартажы, нарысы, фатаграфіі, якія былі ў друку або эфіры сёлета. Завяршыўся форум моладзевымі дэбатамі "Выбірай.БАЙ". Падрабязней - Ксенія Рабчынская.

Міхаіл Маціеўскі, карэспандэнт вядучага  інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу краіны, дзеля свайго "Дэбюту" адправіўся на  дзень у армію. Як навабранцы ператвараюцца ў салдат  - вялікі рэпартаж з усімі атрыбутамі: "прычоска пад нуль", першыя ў жыцці берцы і курс маладога байца - усё ўбачыў сам для таго, каб як мага дакладней і ярчэй перадаць у тэксце.

Фактычна, менавіта для таго, каб разам удасканальвацца, і сабраліся  сёння ў вялікай канферэнц-зале маладыя журналісты з усіх рэгіёнаў краіны - усяго каля 100 чалавек. Другі дзень форуму тых, хто ўжо сёння фарміруе інфармацыйнае поле Беларусі, - гэта майстар-класы і, самае галоўнае, зносіны з мэтрамі беларускай журналістыкі. А яшчэ магчымасць задаць свае пытанні і, што яшчэ важней, атрымаць адказы  ад прадстаўнікоў улады або кіраўнікоў СМІ.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі:

"Значэнне маладога журналіста, які пагружаны ў асяроддзе  свайго пакалення, ведае іх патрабаванні, перавагі, не трывае ментарскага тону, павучальнасці, і самая галоўная валюта, якую мае  малады журналіст, - гэта тое, што ён гаворыць на адной мове,  і тое, што яму давяраюць яго аднагодкі".

Тут сёння абмеркавалі адразу некалькі глабальных тэм: сярод іх, вядома, галоўная: адказнасць журналіста і журналістыкі ў цэлым перад грамадствам, асабліва ў сучасным свеце і ў кантэксце галоўнай палітычнай падзеі Беларусі - 2015. Міністр інфармацыі адзначыла, што шэраг СМІ, асабліва зарэгістраваных за мяжой, дастаткова  своеасабліва разумеюць сваю ролю ў выбарчай кампаніі.

Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі Беларусі:

"Нічога агульнага з захаваннем  заканадаўства выбарчага не маюць заклікі да байкоту, нічога агульнага з транспарэнтнасцю  выбарчага працэсу не мае падтрымка вось гэтых радыкальных праяў, і, мне здаецца, што гэта безадказная пазіцыя СМІ, якая ніякім чынам  не ўкладваецца ў рамкі задач СМІ ў  выбарчых кампаніях".

 Акрамя таго, тут сёння прайшлі дэбаты "Выбірай.БАЙ", якія ўжо сталі  брэндам галоўнага моладзевага грамадскага аб'яднання краіны. Эксперты выказалі сваю пазіцыю па тэмах, зададзеных маладымі журналістамі - і выслухалі прапановы.

Прынамсі, сёння як мінімум 100 маладых журналістаў паедуць дахаты з новымі ідэямі, кантактамі і ведамі - напярэдадні на форуме майстар-класы для іх правялі нават у сценах галоўных беларускіх СМІ. Рэцэптамі сваіх журналісцкіх кухняў падзяліліся ў холдынгу "СБ: Беларусь сёння", Белтэлерадыёкампаніі, у інфармацыйных агенцтвах "БелТА" і "Ваяр".

Нягледзячы на тое, што гэты форум ужо чацвёрты, Мінск стаў для яго пляцоўкай усяго  другі раз. Да гэтага вялікая канферэнцыя для маладых журналістаў праходзіла ў рэгіёнах. Дзе ўжо ў наступным годзе збяруцца  лепшыя юныя рэпарцёры, фотакарэспандэнты, спецкарэспандэнты   і нават піяршчыкі,  стане вядома крыху  пазней.