Сёлета ўрачыстасць атрымалася асабліва відовішчнай. Удзел у парадзе прынялі не толькі беларусы, але і вайскоўцы з Расіі і ЗША. Няма нічога больш каштоўнага за мір, і яго трэба абараняць. Выступаючы на парадзе войскаў Мінскага гарнізона, Прэзідэнт Беларусі заклікаў памятаць трагічныя ўрокі мінулай вайны. Ля cтэлы "Мінск - горад-герой" працягвае працаваць наша здымачная група. На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Сяргей Гусачэнка (прамое ўключэнне).
Адгучаў, адгрымеў парад ля стэлы. Гэтакі звонкі сігнал усёй краіне: эстафета перададзеная гарадам малым і вялікім, дзе разгорнуцца гулянні.
Зрэшты, жыхары сталіцы, разбуранай падчас вайны амаль дашчэнту, не спяшаюцца разыходзіцца. І гэта лагічна. І свята, і месца асаблівае. Дзеляцца ўражаннямі, эмоцыямі. Пераглядаюць фатаграфіі - тысячы здымкаў, напэўна, папоўняць асабістыя архівы. Размаўляюць з ветэранамі і слова "дзякуй" да і пасля парада, напэўна, гучыць часцей за ўсё.
Што да самога ўрачыстага дзейства, то доўжылася яно крыху больш за гадзіну. Пачалося згодна з раскладам - а 11-й гадзіне. Па традыцыі прымаў парад галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Прэзідэнт краіны.
Гучнае ўра сёння шмат разоў гулкім рэхам запаўняла праспект Пераможцаў. Адкрылі парад выхаванцы сувораўскага вучылішча. Перад трыбунамі таксама прайшлі элітныя часці беларускай арміі. Следам за імі - механізаваная калона: узоры сучаснай тэхнікі і баявыя машыны часоў Вялікай Айчыннай. Надпісы "За перамогу", "На Берлін" выклікалі асаблівае трапятанне і ўспаміны ветэранаў. Сярод удзельнікаў усяго больш за 5 тысяч вайскоўцаў і 250 адзінак тэхнікі. Ну а пасля прысутным на парадзе прыйшлося глядзець у неба. Авіяцыйная частка: бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, вучэбна-баявыя самалёты. Іх пілоты былі ў літаральным сэнсе на вышыні. Нарэшце, звыклы заключны акорд як важная сувязь пакаленняў - спартыўна-маладзёжнае шэсце.
Атмасферу парада стваралі і заакіянскія музыканты. Эксклюзівам стала выступленне ваеннага аркестра ВПС ЗША. Словам, каларытна і святочна. Сімвалічна і памятна. Ну а той, хто па якіх-небудзь прычынах усё ж прапусціў юбілейны парад, ва ўсіх дэталях разгледзець дзейства зможа сёння вечарам. Мае калегі ўжо пачалі мантаж тэлевізійнай версіі. А ў гэтыя хвіліны журналісты АТН размаўляюць з ветэранамі, вышэйшымі службовымі асобамі, звычайнымі гледачамі - іх уражанні, эмоцыі і, зразумела, віншаванні, мы пакажам у эфіры. Так што не прапусціце тэлеверсію пасля святочнай "Панарамы".













