У Мінску другі дзень выставы "Чалавек і бяспека"

12 ноября 2015

Тэхналогіі, якія ў адказе за жыцці людзей. У Мінску праходзіць другі дзень выставы "Чалавек і бяспека". Да пятніцы ў цэнтры Белэкспа - больш як 80 удзельнікаў экспазіцыі і сотні апошніх распрацовак. Ад апавяшчальнікаў і да браняваных спецаўтамабіляў. Некаторыя з навінак гледачы ўбачылі ўпершыню, іншыя ўжо паказалі сябе ў справе. З выставы - рэпартаж Аляксандры Штэмплеўскай.

Гэтыя новенькія патрульныя аўтамабілі хутка могуць замяніць звыклыя УАЗікі. Навінка больш эканамічная ў плане паліва, а вось на прасторы не сэканомілі. Размесцяцца ўсе. А гэтае спецаўто з-за сваёй модульнай канструкцыі падыдзе для любога ведамства.

Больш як 80 удзельнікаў, калі не лічыць патэнцыйных пакупнікоў тэхналогій. Побач з бліскучымі апаратамі ёсць і рэчы са стогадовай гісторыяй. Усё гэта - кантрабанда, якой мытня не дала дабро. З гэтага года ў ДМК пачалі праводзіць экспертызу культурных каштоўнасцяў.

Госці выставы не толькі вузкія спецыялісты. Тут можна нагледзець нешта для аховы дома, бяспекі офіса або вымераць узровень радыяцыі ў сваім целе. Увогуле, кожны знойдзе нешта карыснае для сябе.

Без генетычнай экспертызы сёння не абыходзіцца ніводнае расследаванне. Аналіз дакументаў, грошай, наркотыкаў. На рахунку судовых экспертаў - ужо больш як 200 тысяч даследаванняў.

Пётр Урублеўскі, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі:

"Нашы эксперты валодаюць ведамі, якія дазваляюць аператыўна праводзіць гэтыя экспертызы. А аператыўнасць у прамежку часу - 40 хвілін на даследаванне, і даецца заключэнне - наркатычнае рэчыва або няма".

Выстава прадоўжыцца да пятніцы. За гэты час тут разлічваюць заключыць шэраг выгадных кантрактаў. Бо распрацоўкі павінны не толькі быць на стэндах, але і працаваць на нашу бяспеку.