У Мінску ўпершыню надалі статус помніка дрэвам

22 ноября 2017

Зялёныя насаджэнні ўпрыгожваюць горад і дапамагаюць аднаўляць азонавы слой. А з некаторымі з іх звязаныя сапраўдныя гарадскія легенды. Дзе ў Мінску расце самы стары дуб, і як звычайная ліпа стала сведкам сумнай старонкі гісторыі... Больш падрабязна - Антаніна Станкевіч.

Складана паверыць, але самы стары дуб - яму, паводле падлікаў вучоных, амаль 200 гадоў, расце не ў парку ці скверы, а ў цэнтры сталіцы. Побач - Брэсцка-Маскоўская чыгунка і не самая папулярная зялёная зона - Белая дача - амаль што на ўскраіне горада. Навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі Ірына Вазнячук расказвае: на працягу некалькіх гадоў разам з калегамі правялі каласальную работу. Выявілі самыя старыя дрэвы сталіцы, распрацавалі метадычныя рэкамендацыі па доглядзе іх. У выніку і гэты дуб, і ліпавую алею побач прызналі помнікамі прыроды.

Гэтыя ліпы і таполі побач з Лошыцкай сядзібай былі сведкамі росквіту гэтага месца, і трагедыі, што, паводле легенды, тут здарылася. Большасць дрэў на гэтай алеі таксама атрымалі ганаровы статус помніка прыроды. Для таго каб атрымаць яго, дрэву трэба справіць стогадовы юбілей.

Кіраўнік службы добраўпарадкавання Анжаліка Пузанкова тлумачыць: дрэвы паважнага ўзросту заўсёды пад пільным наглядам. Як і людзі - з гадамі пачынаюць хварэць. Але знішчаць стогадовыя таполі, ліпы, дубы і ясені не варта. Правільны догляд і лячэнне - і жыць такія дрэвы могуць яшчэ некалькі разоў па сто. Спілаваць старое дрэва - гэта апошняя мера, калі сапраўды ёсць пагроза для людзей.

Гэты каларытны чалавек называе сябе гарадскім ляснічым. Звычкі пацвярджаюць такое званне - нават падчас інтэрв'ю не можа ўтрымацца і адначасова расказвае цікавыя факты і прыбірае тэрыторыю побач з мемарыяльным комплексам “Трасцянец”. Вось гэта старая ліпа, прызнаецца гарадскі ляснічы, яго любімая. І хоць пакуль гэтае дрэва не мае ганаровага статусу, усё ж такі заслугоўвае ўвагі.

Зараз ганаровы статус атрымалі 7 відаў дрэў. Аднак пошук рарытэтных экзэмпляраў працягваецца. Унікальныя дубы, ясені і таполі часам знаходзяць у звычайных спальных мікрараёнах. Зараз вучоныя распрацоўваюць так званыя пашпарты, каб рэдкія дрэвы ахоўвалі не толькі актывісты, але і закон.