У Мінску ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец" адкрылі помнік аўстрыйскім ахвярам нацызму

28 марта 2019

У Мінску ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец" сёння ўрачыста адкрылі помнік аўстрыйскім ахвярам нацызму. У цырымоніі ўзялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі і федэральны канцлер Аўстрыі. Себасцьян Курц прыбыў у нашу краіну з двухдзённым візітам. У складзе дэлегацыі каля 40 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі яўрэйскіх суполак, сваякі аўстрыйцаў, загінуўшых у Трасцянцы. Ідэю ўсталяваць помнікі ўздоўж цэнтральнай алеі комплексу краінам, жыхары якіх у часы Вялікай Айчыннай загінулі ў канцлагеры, у 2015 прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Аўстрыя адгукнулася першай, падрыхтавала свой праект, па якім ужо ў Мінску працаваў наш архітэктар. Кожнае імя загінуўшага ў адным з найбуйнейшых канцлагераў Еўропы аўстрыйскага яўрэя зараз ушанавана. Беражлівае стаўленне да памяці ахвяр нацызму стала часткай нашай нацыянальнай ідэі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Такія аб'екты - гэта ўрок гісторыі для нас, сучаснікаў, - памятаць кожную асабістую трагедыю ў імя мірнага заўтра. Захаваць праўду аб той ваеннай старонцы, напісанай крывёй, і не дапусціць адраджэння страшнага мінулага заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

Ілона Красуцкая з месца падзей. Здаецца, цішыню ў гэтых месцах нават не перапыняе спеў птушак. І ў любы сонечны дзень тут усё роўна мароз па скуры. Трасцянец - адзін з найбуйнейшых канцлагераў Еўропы ў часы фашысцкай акупацыі. Тут былі знішчаны больш за 200 тысяч чалавек. На тэрыторыі знаходзіліся некалькі месцаў масавага знішчэння: урочышча Благаўшчына, дзе расстрэльвалі, Шашкоўка - месца спалення і сам лагер побач з вёскай Малы Трасцянец.

На тэрыторыі больш за сто гектараў нацысты стварылі сапраўдную фабрыку смерці. Па-зверску знішчаліся партызаны і падпольшчыкі, ваеннапалонныя, мірныя грамадзяне. Дзясяткі тысяч яўрэяў фашысты зганялі сюды з Мінскага гета і эшалонамі прывозілі з іншых краін - Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Германіі. Тым, хто прыбываў, (асуджаным на смерць), каб супакоіць, выдавалі квітанцыі, дзе было напісана, што іх нібыта ўсяго толькі перасяляюць на новыя месцы.

Беларускі Трасцянец для аўстрыйцаў - мемарыял нацыянальнай памяці. Тут загінулі 10 тысяч жыхароў Аўстрыі. Дзякуючы таму што захаваліся транспартныя лісты, сёння гісторыкам вядомыя імёны кожнага знішчанага. Яшчэ 10 гадоў таму аўстрыйцы пачалі ўвекавечваць памяць сваіх суайчыннікаў. На дрэвах у Благаўшчыне - месцы знішчэння - вывешвалі жоўтыя табліцы з імёнамі. А зусім нядаўна на тых жа дрэвах сталі з'яўляцца і белыя табліцы. Па прыкладзе аўстрыйцаў сваіх суайчыннікаў увекавечваюць беларусы. На жаль, імёнаў ахвяр з нашай краіны вядома вельмі мала. Але кожны год гісторыкі і даследчыкі высвятляюць усё новыя і новыя імёны.

Стварэнне ў гэтых мясцінах аднайменнага мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" мае агульнаеўрапейскае значэнне. Гэта сімвал асуджэння антычалавечых дзеянняў у дачыненні да мірнага насельніцтва. Беларусь страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга. Дэвіз "Ніхто не забыты, нішто не забыта" аб'ядноўвае ўсіх нас. Летась у чэрвені пакланіцца зямлі, дзе попел тысяч людзей, спаленых нацыстамі, і ўвекавечыць памяць адкрыццём мемарыяла сабраліся людзі, для якіх наша гісторыя (боль і страта) не абстрактнае паняцце. Гэта нашчадкі вязняў Трасцянца. Раздзялілі іх страту ў тым ліку і беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка са сваімі калегамі - прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі.

А сёння ў Мінску федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц. Сімвалічна свой візіт ён пачынае адсюль. Разам з Кіраўніком беларускай дзяржавы адкрываюць помнік "Масіў імён". Гэта лепшы прыклад таго, што сёння нам патрэбная выключна міралюбная палітыка. Нельга дапусціць паўтарэння такіх трагічных падзей у найноўшай гісторыі.

Манумент "Масіў імёнаў" прысвечаны памяці больш як 10 тысяч грамадзян Аўстрыі яўрэйскай нацыянальнасці. Помнік - сумесная праца Беларусі і Аўстрыі па мемарыялізацыі культуры памяці. Ідэю аўстрыйскага архітэктара рэалізоўваў беларускі скульптар. Адлівалі манумент на скульптурным камбінаце ў Мінску - у месцы, дзе былі вырабленыя практычна ўсе вядомыя пасляваенныя помнікі Беларусі.

Помнік складаецца з 10 калон. Яны сімвалізуюць тыя 10 чыгуначных саставаў, на якіх везлі аўстрыйцаў у Трасцянец. На мануменце - тысяча імёнаў уласных. Аўтарам былі прааналізаваныя спісы дэпартаваных аўстрыйскіх яўрэяў, і практычна ўсе яны ўшанаваныя ў мемарыяле. Тысяча - таму што шматлікія імёны даволі распаўсюджаныя ў Аўстрыі, і яны часта паўтараюцца. Ад ідэі да рэалізацыі праекта прайшло ледзь больш за год.

Цырымонія вельмі кранальная. Для шматлікіх - гэта магчымасць яшчэ раз успомніць аб блізкіх, час для ўнутранага маналогу і малітвы. Гэты мемарыял збліжае людзей у імя ідэалаў дабра і міласэрнасці, нагадвае пакаленням, як важна цаніць і берагчы мір.

Падзеі ў Трасцянцы. Гэты мемарыял - навочная энцыклапедыя, напамінак аб тым, што ніводны народ не можа развівацца за кошт знішчэння і прыгнёту іншага. І нават падчас сусветных выклікаў трэба памятаць аб людскасці і падыходзіць да любых рашэнняў з разумным сэнсам.