У Мінску ў гэтыя дні праходзіць вялікі Рэспубліканскі педсавет

24 августа 2017

Тысяча выкладчыкаў з усёй краіны разам абмяркоўваюць новыя падыходы ў беларускай адукацыі. Напярэдадні працавалі па тэматычных секцыях. Спецыялісты гаварылі аб павышэнні якасці дашкольнай адукацыі і асноўных кірунках для вышэйшай школы. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі развіццё інклюзіўнай адукацыі і падрыхтоўка педагагічных кадраў. Сёння, у другі дзень форуму, з яго ўдзельнікамі сустрэнецца Кіраўнік дзяржавы. Дыскусія пройдзе ў фармаце адкрытага мікрафона. Можна будзе падзяліцца меркаваннямі і вопытам па тых або іншых пытаннях. Усе падрабязнасці - у Ілоны Красуцкай.

У канцы жніўня ў кожнай беларускай школе праходзяць традыцыйныя педсаветы. Зараз у педагогаў ёсць магчымасць пагутарыць не толькі з калегамі са сваіх школ, але і з настаўнікамі літаральна з усёй краіны. Абмеркаваць любыя праблемы, пачынаючы ад зарплаты і тэхналогіі выкладання прадмета, і заканчваючы пытаннямі глабальнымі - якія змены наспелі ў беларускай адукацыі.

У Мінск у гэтыя дні з усёй краіны прыехала 1000 педагогаў. Гэта і маладыя спецыялісты (камусьці толькі споўнілася 25) і, як кажуць, ветэраны працы, у якіх толькі працоўны стаж удвая большы - паўстагоддзя. Напярэдадні працавалі па тэматычных секцыях. А сёння размова ў маштабах цэлай краіны. На пленарным пасяджэнні з удзелам Кіраўніка дзяржавы разам абмяркуюць задачы на навучальны год. Але гэтая размова не толькі пра кароткатэрміновую перспектыву. Развіццё сістэмы беларускай адукацыі абмяркуюць нават да 2030-га года. Фармат форуму - вялікая дыскусія. Дзе абсалютна няма ніякіх рамак і закрытых тэм. Можна спрачацца, прапаноўваць, падтрымліваць або прыводзіць аргументы "супраць". 

Тэмы, пра якія разам з педагогамі будзе гаварыць Аляксандр Лукашэнка, можна спрагназаваць. Бо ў мінулы панядзелак Кіраўнік сустракаўся з міністрам адукацыі і віцэ-прэм'ерам Васілём Жарко, які ва ўрадзе курыруе сацыяльную сферу. Меркаванне Прэзідэнта прынцыповае: "Сістэму навучання на ўсіх узроўнях трэба не ламаць, а ўдасканальваць". Вынікі ўступнай кампаніі гэтага года паказалі, якія карэкціроўкі правіл прыёму і адукацыйнага працэсу сапраўды наспелі. Да прыкладу, набор у ВНУ трэба скараціць, у ліцэі і каледжы, насупраць, павялічыць. Магчыма вернуцца і да пяцібальнай сістэмы ацэнак. Але перш, чым уносіць нейкія змены, Кіраўнік дзяржавы заявіў - публічна жадае параіцца з настаўнікамі і бацькамі. Выбралі форму - рэспубліканскі педсавет - каб пачуць кожнага. Да новага навучальнага года застаецца літаральна тыдзень. Вялікая адкрытая размова аб хвалюючых тэмах у сферы адукацыі, як кажуць, куды дарэчы.

Ведаючы адкрытасць Кіраўніка дзяржавы, ніхто не бярэцца сказаць, колькі можа падоўжыцца дыскусія. Яшчэ адзін з галоўных пасылаў гэтай сустрэчы - пераход на абавязковую ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Яе ў Беларусі атрымліваюць практычна ўсе выпускнікі школ, ліцэяў і каледжаў. Так што, як адзначаюць у Мінадукацыі, грамадства да такога кроку гатова. Ці гатовы самі вучні, і што думаюць на гэты конт педагогі - даведаемся зусім хутка. Рэспубліканскі педсавет пачнецца праз некалькі гадзін.