У Мінску павялічваецца колькасць профільных педагагічных класаў

10 мая 2018

Зараз яны ёсць ва ўсіх раёнах горада. Вучні падчас заняткаў знаёмяцца з асновамі прафесіі настаўніка і праходзяць практыку. Такім чынам лягчэй вызначыцца з будучай спецыяльнасцю. Паступіць у профільны ўніверсітэт выпускнікі гэтых класаў могуць без экзаменаў. Больш падрабязна Аляксандра Кавеліч.

Школьную парту дзесяцікласніца Ангеліна сёння памяняла на стол настаўніка. Вучаніца профільнага педагагічнага класа вядзе ўрок матэматыкі. Будучую прафесію - педагога - выбрала па прыкладзе сваёй мамы, і цяпер з яе дапамогай знаходзіць для першакласнікаў новыя арыгінальныя заданні.

Толькі ў гэтай сталічнай гімназіі больш за паўсотню школьнікаў, якія ўжо вызначыліся з прафесіяй. Вучні педагагічных класаў паглыблена вывучаюць тыя прадметы, якія збіраюцца выкладаць. У раскладзе таксама абавязковы факультатыў, дзе школьнікі знаёмяцца з асновамі прафесіі і дзеляцца сваім вопытам.

Дэбаты, адукацыйныя квэсты і гульні. Старшакласнікі разам з пачаткоўцамі рыхтуюцца да школьных свят, арганізоўваюць актыўныя перапынкі.

Такі ўрок – своеасаблівая рэпетыцыя будучай працы. Тут школьнікі вучацца ладзіць з дзецьмі, рэалізуюць свае творчыя і педагагічныя задумкі. А яшчэ могуць вызначыцца са спецыяльнасцю - падчас практычных заняткаў вучні маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў розных прадметаў.

Паступіць у профільны ўніверсітэт – педагагічны імя Максіма Танка - выпускнікі такіх класаў могуць без экзаменаў. Сёлета другі год запар па сярэднім бале школьнага атэстата і выніках вуснага сумоўя выберуць самых мэтанакіраваных абітурыентаў.

Такі падыход дазваляе павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі і падрыхтаваць спецыялістаў высокага ўзроўню. Дарэчы, сярод будучых настаўнікаў арганізоўваюць профільныя конкурсы. Так, гэтымі днямі падчас злёту педагагічных класаў сваім вопытам дзеляцца вучні з усёй краіны.