У Мінску зацвердзілі беларускую версію Выбарчага кодэкса

5 ноября 2019
Сёння ў Мінску адобрылі пераклад Выбарчага кодэкса на беларускую мову. Лінгвістычнай канверсіяй займаўся экспертны савет. Ён створаны пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі па выкананні даручэння Прэзідэнта Беларусі. Савет дзейнічае параўнальна нядаўна, але ўжо на беларускую мову перакладзеныя два сістэмаўтваральныя нарматыўна-прававыя акты - Кодэкс аб шлюбе і сям'і і Выбарчы кодэкс. Алена Борматава раскажа, калі і дзе з законам змогуць азнаёміцца ўсе ахвочыя.

Трэцяе пасяджэнне экспертнага савета. Праводзіцца на пастаяннай аснове і носіць планавы характар. У яго складзе 21 чалавек - тыя, хто распрацоўвае і прымае заканадаўчыя акты, прадстаўнікі дзяржорганаў, навукоўцы. Савет пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі створаны ўсяго некалькі месяцаў таму, але ўжо на сваю трэцюю сустрэчу эксперты прыйшлі з гатовым перакладам Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

НЦПІ - гэта арганізацыя, якая фарміруе, захоўвае і распаўсюджвае матэрыялы эталоннага банка даных прававой інфармацыі. Па сутнасці, гэта залаты запас заканадаўства. Для перакладу кодэкса эксперты-перакладчыкі выкарыстоўваюць актуальную рэдакцыю дакумента. Гэта значыць - з усімі дапаўненнямі, змяненнямі і папраўкамі. 

Пераклад заканадаўчага акта - гэта не калькавы пераклад. Працэс надзвычай складаны. Лінгвісты працуюць у цесным супрацоўніцтве з юрыстамі. Бо юрыдычная тэрміналогія ў беларускай мове была закладзена стагоддзе таму, на сёння актуальнымі застаюцца толькі 70% тэрмінаў. 

Пераклад ажыццяўляецца аддалена, затым варыянт на азнаямленне атрымліваюць эксперты. Праводзяцца шматступеньчатая праверка, кансультацыі філолагаў і прадстаўнікоў нарматворчых органаў. У выніку адабрэння яго прымае экспертны савет. Пасля чаго дакумент з'яўляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, становіцца даступным для ўсіх. Так месяц таму на сайце з'явіўся беларускі пераклад Кодэкса аб шлюбе і сям'і. 

У планах - прадставіць беларускамоўную версію ўсіх нарматыўна-прававых актаў. Толькі адзін з 25 кодэксаў - Кодэкс аб культуры - адразу прыняты на беларускай мове. Перакладу падлягаюць 24. Гэта 5 тысяч старонак і каля 8 тысяч артыкулаў і прававых нормаў. На сёння лічба паменшылася. Беларускі варыянт двух кодэксаў зацверджаны і прыняты.

Сёння Выбарчы кодэкс на беларускай мове з'явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Эксперты-перакладчыкі пачалі работу над трэцім найважнейшым нарматыўна-прававым актам. Да канца года мусяць перакласці артыкулы Грамадзянскага кодэкса.