У Мінску стартуе міжнародная канферэнцыя па барацьбе з тэрарызмам

3 сентября 2019

У Мінску сёння стартуе міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню. Прысвечана яна барацьбе з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў. Сумесны форум па лініі Беларусь - ААН закране найважнейшыя тэмы ў пытаннях сусветнай бяспекі ад тэрарыстычных пагроз. Наша сталіца зноў стала цэнтрам міжнароднага дыялогу. 

Пра што будуць гаварыць і як ідзе падрыхтоўка да канферэнцыі? На сувязі са студыяй наш палітычны аглядальнік Аляксей Волкаў (прамое ўключэнне).

Добрай раніцы! Мы знаходзімся ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа", дзе літаральна на працягу гадзіны пачнецца міжнародная канферэнцыя "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстанне новых тэхналогій". Сярод  удзельнікаў 55 краін, прадстаўнікі ААН, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, АДКБ, нават Інтэрпал і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Такая колькасць супрацоўнікаў спецслужбаў і дыпламатаў на квадратны метр сабралася не проста так: калі зірнуць у штогадовы глабальны індэкс тэрарызму, то колькасць  тэрактаў скарацілася ў свеце прыкладна на чвэрць.

Аднак эксперты не спяшаюцца радавацца. Рэч у тым, што адэпты бомбаў і страху ўсё больш сыходзяць у лічбавую прастору. А яна, як вядома, не ведае межаў. Акрамя ўжо ўсім вядомых фейкавых навін, вербавання той жа "Ісламскай дзяржавай" людзей у свае шэрагі праз сацсеткі, агалілася яшчэ адна праблема - штучны інтэлект. У няправільных руках ён можа стаць зброяй, страшнейшай за  ядзерную. Адзін з прыкладаў -  тэхналогія "фальшывых людзей" або deepfake. Нейронавая сетка за секунды здольная стварыць на відэа копію любога чалавека, і карцінку можна падкласці і ў серыял, і ў які-небудзь правакацыйны ролік, прычым адрозніць амаль немагчыма. 

Калі трохі ўтрыраваць, то атрымліваецца што лічбавы пісталет  ля скроні амаль кожнага карыстальніка інтэрнэту. Адсюль і выходзіць на пярэдні план пытанне інфармацыйна-псіхалагічнай бяспекі, што таксама напэўна абмяркуюць на канферэнцыі ў Мінску. Усяго ж дыскусія аб барацьбе з чумой XXI стагоддзя будзе падзелена на некалькі буйных сесій.