У Мінску стартаваў віртуальны фестываль "Тэкстыльны букет"

23 апреля 2020
Атрымаць прыгожы  букет можна цяпер  віртуальна. У Мінску стартаваў фестываль  "Тэкстыльны букет". Ларыса Гулякевіч наведала Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і даведалася, у чым розніца паміж ан і офлайн-выставамі.

Тут расквітнеў не толькі "Тэкстыльны букет", але і шматлікія творы мастацтва ў розных тэхніках, стылях і дэкаратыўных напрамках. Майстры тэкстылю, як знакамітыя прафесіяналы, так і тыя, хто толькі пачынаюць асвойваць сакрэты валяння бавоўны, абрэзкавага шыцця ды розных ткацкіх пляценняў - рыхтаваліся цэлы год да другога адкрытага фестывалю "Тэкстыльны букет". 

Крысціна прадстаўляе новую эксперыментальную тэхніку - тэкстыльныя скульптуры.

Першапачаткова фестываль "Тэкстыльны букет" задумваўся як буйны міжнародны выставачны праект дэкаратыўнай творчасці. Свае стылёвыя тэкстыльныя творы павінны былі прывезці ў Мінск каля 60 майстроў з шасці краін свету. Аднак прыехаць паспелі толькі працы з Казахстана, Расіі і Беларусі. Астатнія ўдзельнікі ў кароткі час падрыхтавалі свае анлайн-праекты з відэапрэзентацыямі, а таксама аўтарскія майстар-класы. 

Віртуальны фестываль "Тэкстыльны букет" будзе праходзіць у інтэрнэт-фармаце да 26 красавіка, а ў сценах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці - да канца мая.

Геаграфія ўдзельнікаў сёлета прадстаўляе такія краіны як Турцыя, Латвія, Украіна, Казахстан, Расія і Беларусь. 

Думаю, што мне больш пашанцавала, чым тым, хто наведае віртуальны фестываль "Тэкстыльны букет". Калі не "дакрануцца да прыгожага", то адчуць чароўную атмасферу і энергію гэтых твораў мастацтва.

Так беларускі "Тэкстыльны букет" "перарос" альбо перапрафіляваўся ў больш маштабны інтэрнэт-праект, з якім цяпер зможа пазнаёміцца ўвесь свет.