У Мінску стартаваў Рэспубліканскі педсавет

23 августа 2017

Захоўваць баланс паміж вышэйшай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, пастаянна супрацоўнічаць у сферы прафарыентацыі, а абітурыентам даць магчымасць атрымліваць мэтавы кірунак на любым прадпрыемстве. У Мінску стартаваў Рэспубліканскі педсавет, на якім абмяркоўваюць развіццё сістэмы адукацыі. Сёння праца ідзе па тэматычных секцыях, педсаветы праходзяць на базе ВНУ і школ. Сярод асноўных пытанняў - мэтазгоднасць уступных іспытаў у 5-ы клас, дубліраванне падрыхтоўкі па адных і тым жа спецыяльнасцях, стварэнне цэнтра незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, а таксама кадравы патэнцыял, развіццё інклюзіўнай адукацыі. У тым ліку на палях форуму ідзе дыскусія і аб вяртанні да 5-бальнай сістэмы.

Сяргей Каспяровіч, начальнік упраўлення Міністэрства адукацыі Беларусі: "Сапраўды, тут ёсць пытанні, тут трэба дадаткова вывучыць замежны вопыт, наш мінулы вопыт. Шкала ацэньвання, напэўна, не галоўнае пытанне. Галоўнае - якасць навучання. Калі ў выніку (мы гэта абмяркуем на секцыі сёння і заўтра на пасяджэнні), калі 5-бальная шкала будзе больш эфектыўная, будзе матываваць студэнтаў, школьнікаў, каб засвойваць веды лепш, то я не думаю, што будзе цяжка да яе вярнуцца. Гэта вырашальнае пытанне. Галоўнае - зразумець, яна больш эфектыўная або 10-бальная. Вось гэтыя пытанні мы будзем абмяркоўваць на нашым педсавеце".

На вялікі педсавет у Мінск запрошана больш за 800 чалавек: педагогі з усёй краіны, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і мясцовай вертыкалі, дэпутаты. Заўтра ўдзел у адукацыйным форуме прыме і Прэзідэнт Беларусі. Фармат для маючага адбыцца пленарнага пасяджэння выбраны не зусім звычайны - адкрыты мікрафон. Гэта максімум магчымасцяў для дыскусіі і абмену думкамі. Усё для таго, каб падрабязна абмеркаваць трансфармацыі і тэндэнцыі, што адбываюцца ў адукацыі. У цэнтры ўвагі будуць усе рацыянальныя прапановы па ўдасканаленні гэтай сферы. 

Тэлеверсію Рэспубліканскага педсавета з удзелам Кіраўніка дзяржавы пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" 24 жніўня ў 21:30.