У Мінску стартаваў дабрачынны творчы праект

22 апреля 2016

Аздараўляцца дапамагае мастацтва. У Мінску стартаваў дабрачынны творчы праект. У арт-гасцёўні кожныя выхадныя ладзяць выставы беларускіх мастакоў, скульптараў і фатографаў. Падчас кожнай экспазіцыі аўтары праводзяць індывідуальныя і групавыя майстар-класы для людзей з асаблівасцямі развіцця. Якія тэхнікі рамёстваў асвойваюць аматары - раскажа Юлія Токар.

З самага дзяцінства яна вучылася акварэлі, жывапісу, пазней асвоіла кераміку. І сёння мастак Тамара Васюк лічыцца ўніверсальным керамістам. Аб'ёмныя архітэктурныя формы, дробная пластыка аўтару аднолькава падуладныя. Больш за 25 гадоў сваімі ведамі і майстэрствам яна дзеліцца са студэнтамі кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўніверсітэта культуры.

У майстэрні філігранна працуюць з чырвонай прыроднай глінай. Збаны, сподкі, кубкі аздабляюць разнастайнымі рэльефнымі ўзорамі. Такая незвычайная "кардыяграма" з'яўляецца пасля таго, як падсохне папярэдні пласт фарбы. Дарэчы, асвоіць сакрэты народнага рамяства і стварыць свае вырабы могуць і аматары падчас адкрытага майстар-класа ў арт-гасцёўні. Там стартаваў першы дабрачынны праект для людзей з асаблівасцямі развіцця.

Сацыяльны праект аб'ядноўвае беларускіх мастакоў, скульптараў, фатографаў. Кожныя выхадныя падчас экспазіцыі аўтары ладзяць групавыя і індывідуальныя майстар-класы. Наведвальнікі спрабуюць свае сілы ў разнастайных тэхніках рамёстваў.

Вось тут самай простай тэхнікай перапляцення ствараюць кампазіцыю «Мая Беларусь». З вертыкальнымі вяроўкамі сплятаюць 20 рознакаляровых маленькіх стужак. Блакітныя, жоўтыя, ружовыя - яны будуць увасабляць сонейка, неба і кветкі.

Азам ткацтва вучыць майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Наталля Сухаверхава. Разам з вучнем Эдуардам тоўстымі ніткамі на адмысловай рамцы яны плятуць птушку. Такая карпатлівая праца для людзей з асаблівасцямі развіцця карысная - дробная маторыка развівае і творчасць мыслення.

Дабрачынны мастацкі праект працягнецца да снежня. Самыя цікавыя працы аб'яднаюць у экспазіцыю.