У Мінску ствараюцца неабходныя ўмовы і інфраструктура для перамяшчэння маламабільных людзей

14 февраля 2018

Шэраг гарадскіх аб'ектаў набудзе статус "без бар'ераў": Палац культуры "Лошыцкі", Беларускі моладзевы тэатр, стадыён "Дынама". Да II Еўрапейскіх гульняў даступнымі стануць многія спартыўныя аб'екты і гасцініцы - так, як гэтага патрабуюць агульнаеўрапейскія стандарты. Надзея Сербіненка працягне тэму.

Амаль 100 жылых дамоў Мінска сёлета будуць абсталяваны элементамі безбар'ернага асяроддзя. Гэта пандусы, электрапад'ёмнікі, заніжаныя бардзюры. Такія рэчы для астатніх гараджан часта незаўважныя, але людзям з абмежаванымі магчымасцямі значна спрашчаюць жыццё.

Яшчэ некалькі месяцаў таму трапіць на вуліцу для Яўгена было задачай вельмі складанай. Без дапамогі іншых людзей спусціцца з сёмага паверха на інваліднай калясцы станавілася сапраўдным квэстам. Сёння для мужчыны - персанальны надзейны памочнік. Электрапад'ёмнік.

Індывідуальнымі электрапад'ёмнікамі і пандусамі летась былі абсталяваны каля сотні жылых дамоў Мінска. На гэты год запланавана ўстаноўка яшчэ такой жа колькасці пад'ёмнікаў. Паступова безбар'ерны доступ у пад'езд атрымаюць усе, хто мае ў гэтым патрэбу.

Канцэпцыя горада без бар'ераў павінна быць максімальна рэалізавана да ІІ Еўрагульняў. Спартыўныя аб'екты, гандлёвыя цэнтры, гасцініцы, гарадскі транспарт павінны адпавядаць агульнаеўрапейскім стандартам даступнасці для маламабільных людзей.

Аб'ектаў, даступных для людзей на калясках, сёлета стане больш. Напрыклад, у праекце рэканструкцыі стадыёна "Дынама" ўлічана неабходнасць стварэння безбар'ернага асяроддзя. Даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі будзе і новы тэрапеўтычны корпус 4-й гарадской бальніцы. Да таго ж па вуліцах горада сёлета пачнуць курсіраваць трыста аўтобусаў з нізкай падлогай і 60 такіх жа электробусаў.