У Мінску адбыўся шосты чэмпіянат бёрдвотчараў

3 октября 2017

Фотапаляванне на птушак – у Мінску адбыўся шосты чэмпіянат бёрдвотчараў. За пяць гадзін на пэўным маршруце ўдзельнікі лавілі ў свой аб'ектыў сініц, качак, чапляў. Галоўная ўмова – зафіксаваць як мага больш відаў. Дадатковыя балы за правільнае вызначэнне птушкі. Удзел прынялі больш за 75 прафесійных арнітолагаў і аматараў. Юлія Токар таксама выйшла на «птушыны маршрут».

Гумовыя боты, «птушыная карта», бінокль і фотакамера. Па гэтых прыкметах бёрдвотчара няцяжка вызначыць. Асабліва калі іх 75 чалавек. Менавіта столькі прафесійных арнітолагаў і аматараў аб'яднаў шосты чэмпіянат па фотабёрдынгу.

Генадзь Ардзюк са сваёй сям'ёй назірае за птушкамі ў дзікай прыродзе. Маршруты пракладваюць ля рэк і балот. У бёрдкалекцыі ўжо зафіксавалі 146 відаў.

На чэмпіянаце ёсць і тыя, хто прыйшоў з сапраўдным фотаружжом. Фотаанімаліст Павел Лычкоўскі «крылатую мадэль» можа злавіць на адлегласці 40 метраў.

Лавіць птушак у свой аб'ектыў можна абсалютна на любы апарат. Гэта не абавязкова павінна быць прафесійная фотакамера. Мабільны тэлефон таксама падыйдзе. Тут галоўнае праявіць пільнасць.

У Руслана Шакіна свой падыход – ён літаральна размаўляе з птушкамі. Сёлетні маршрут для фотабёрдынга выбраны невыпадкова. На Свіслачы адпачываюць шэрыя чаплі і лебедзі. Увосень тут можна сустрэць больш за паўсотню птушак. Фіксуюць і рэдкія віды. На мінулым чэмпіянаце ў аб'ектыў трапіла чорнагаловая чайка. Для Мінска птушка рэдкая. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя