У Мінску адбыўся святочны парад

9 мая 2015

Ну а далей - уся ўвага да дзейства ля стэлы "Мінск - горад-герой". Адразу пасля ўдзелу ў цырымоніі ўскладання вянкоў на плошчы Перамогі Галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка прымае ваенны парад. Сталь і строгія шарэнгі ваеннай эліты, найноўшае ўзбраенне і легендарны Т-34. У небе - паветраны парад. Да 70-ай гадавіны Перамогі падрыхтавалі шматлікае з таго, пра што гаварылі "ўпершыню". Абаронцы Айчыны мінулага і сучаснасці. Разам.

Як гэта было, расказвае Андрэй Крывашэеў. Апошнія хвіліны перад пачаткам парада. Сімвалічнае месца для Перамогі і пераможцаў. Шмат людзей. Тут - сувязь пор і пакаленняў. Справа - парк Перамогі, яе аднагодак, адкрыты ў 45-ым, і дагэтуль найбуйнейшы ў сталіцы. Наша старэйшае пакаленне памятае пасляваенную разруху і саджанцы - як сімвал новага жыцця.

Ядвіга Ярубкіна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Перапаўняе пачуццё гонару, захаплення, радасці і, слава Богу, што нездарма былі страты і пазбаўленні, усё квітнее. Маладым,вам, здароўя, шчасця і мірнага неба. Дзякуй, што я дажыла да гэтага дня".

Каміль Махмудаў, генерал-маёр авіяцыі, заслужаны ваенны лётчык СССР: "Гэта самае святое свята, якое не на гады, не на сотні гадоў, а на стагоддзі. Гэта Перамога незабыўная, гэта наша ідэйная зброя назаўжды. Пакуль мы аб ёй памятаем, у нас ёсць маральны дух, а калі ёсць дух, мы непераможныя. І, памятаючы аб гэтай Перамозе, нас ніхто не паставіць на калені".

Абноўлены парк цягнецца да праспекта Пераможцаў. Сёння юбілей яго новаму імені - 10 гадоў. З праспектам Незалежнасці - гэта дзве галоўныя артэрыі горада. І два сімвалы - герояў і свабоды, заваяванай імі.

Тут жа два знакавыя сімвалы двух маладых пакаленняў: стэла "Мінск - горад-герой" (ёй сёння 30) і новы музей Вялікай Айчыннай. Зараз гэта адзіны мемарыяльны комплекс. Суперсучасны, але які трапятліва захоўвае, як беларуская моладзь, гісторыю апаленых вайной гадоў.

Побач з баявымі ордэнамі і медалямі - жыццесцвярджальная бутаньерка - яблыневы цвет і чырвона-зялёная стужка. Дзякуючы ініцыятыве Рэспубліканскага саюза моладзі "Кветкі Вялікай Перамогі" - на лацканах сотняў тысяч беларусаў. Як сувязь пакаленняў, сімвал росквіту суверэннай Беларусі і ролі Перамогі ў станаўленні і развіцці краіны.

Віктар Гумінскі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі: "Я заўсёды аддаю даніну павагі тым, хто са зброяй у руках абараніў свабоду і незалежнасць нашай радзімы. Нашай Беларусі, Савецкага Саюза. І што сёння самае прыемнае - тое, што выйшла на гэтае свята вялізная колькасць людзей. Гэта значыць, што нам, беларусам, не абыякавы лёс гэтай Перамогі, мы шануем яе, беражом і павінны зберагчы".

Праз хвіліну пасля каманды Галоўнакамандуючага - першая з падрыхтаваных навінак парада: два лімузіны-кабрыялеты з Паднябеснай замест звыклых "Чаек". З аднаго боку - гэта сімвалічны падарунак народу-пераможцу, з другога - абсалютны эксклюзіў і самыя дарагія экзэмпляры ў гісторыі кітайскага аўтапраму. Стратэгічны саюзнік падкрэслівае, пакуты, мужнасць і Перамога ў Другой сусветной - у нас агульныя.

Аб'езд Міністра абароны і камандуючага парадам дэманструе ўсю грандыёзнасць дзейства. Даўжыня параднай калоны - рэкордныя 5 кіламетраў. Задзейнічана больш як 5 тысяч вайскоўцаў: ад сувораўцаў да зводнай роты ганаровай варты. Гэта гонар беларускай арміі - спадчыннікі Вялікай Перамогі.

Удары метранома ў абсалютнай цішыні - боль страт не цішэе і праз 70 гадоў. Кожны трэці загінуўшы, разбурана больш як 200 гарадоў і 9 тысяч вёсак - мы памятаем, мы вывучылі ўрокі гісторыі, гэта наша Перамога – якая не падлягае перагляду! З такім пасланнем звяртаецца Галоўнакамандуючы, Прэзідэнт Беларусі да ветэранаў, парадных разлікаў і народу.

Маляўнічую частку парада - праход пешых разлікаў - па традыцыі адкрываюць барабаншчыкі-сувораўцы. За імі - галоўныя сімвалы Вялікай Перамогі і суверэннай Беларусі - Сцяг Перамогі, Дзяржаўны сцяг і Штандары франтоў - удзельнікаў аперацыі "Баграціён". Таксама па традыцыі сёння ў парадзе прымаюць удзел воіны і тэхніка нашага асноўнага саюзніка - Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, каб убачыць парад на свае вочы, у Мінск прыехалі госці з усяго свету: ад Паўночнай Амерыкі да Кітая. Яшчэ за тыдзень да свята ў мінскіх гасцініцах не засталося свабодных месцаў. Зрэшты, большасць - як раз з братэрскай Расіі.

Ван Аньшунь, мэр Пекіна (Кітай): "Святкаванне 70-годдзя Перамогі - гэта вельмі кранальнае свята, таму што Беларусь у гады вайны панесла вялікія страты і ўнесла велізарны ўклад у захаванне міру на нашай зямлі. Мы павінны памятаць гісторыю і шанаваць мір".

Другі акт парада - гэта стальныя мышцы Перамогі і сучасная браня беларускай і расійскай арміі. Ад ювелірнага Т-38, ён ваяваў яшчэ ў савецка-фінскай, да гігантаў мінулага і сучаснасці: легендарнага ІС-2 і лятаючага "Т-90". Бранетанкавую рэтраспектыву авацыямі сустракаюць гледачы, прафесіяналы ж разглядаюць будучыню армій-саюзніц. Напрыклад, "кітайскага беларуса" пазадарожнік "Волат" - ён ужо пастаўлены ў войскі, і лёгкі ЛІС-ПМ - гонар беларуска-расійскай кааперацыі.

У сучаснай вайне перамагаюць мабільнасць і дакладнасць. За апошняе адказваюць: "Смерч", які не мае роўных, больш лірычны, але не менш эфектыўны, "Паланез", цалкам беларускі і нябесны шчыт - мадэрнізаваныя комплексы С-300.

Аляксандр Ульяновіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Мы яшчэ можам перадаць маладому пакаленню тыя жахі вайны, якія мы пражылі, і аднаўленне народнай гаспадаркі, і сёння яшчэ ў страі, што прыйшлося перажыць савецкаму народу ў Айчынную вайну, і як мужна ваявалі сыны ўсіх братэрскіх народаў. У адзіным парыве прагнаць фашыстаў і не толькі з нашай тэрыторыі, але і з Еўропы. Сусветная гэта Перамога была".

Парад на зямлі і ў небе. Гонар краіны - нацыянальная авіяцыйная школа. У год 70-годдзя Вялікай Перамогі ў тых, хто прысвяціў сябе небу, - двайное свята - адкрыта свая Акадэмія авіяцыі, плюс да гэтага пастаўлена 4 новенькія навучальна-баявыя Як-130.

Паветраную частку парада замыкае "клін" суперпрафесіяналаў пілатажнай групы "Белая Русь". І ў гэтыя ж імгненні яшчэ адна адметнасць урачыстасці на зямлі - аркестр Ваенна-паветраных сіл ЗША, як сімвал агульнай Перамогі, якая звязала 70 гадоў назад кантыненты. Упершыню калектыў сабралі ў 44-ым як раз на адкрыццё другога фронту. Сёння палымяных амерыканцаў называюць "музычнымі пасламі Амерыкі", гледачы сустракаюць авацыямі.

Буру эмоцый, але ўжо традыцыйна, выклікае плац-канцэрт зводнай роты ганаровай варты. 119 "віртуозаў" пад музыку ваенных гадоў здзіўляюць новай праграмай. Упершыню - майстэрскае валоданне шашкай.

Як сімвал бесперапыннасці гісторыі, сувязі пор і пакаленняў, імкненні да стварэння і развіцця - калона сучаснай грамадзянскай тэхнікі і маляўнічае спартыўна-маладзёжнае шэсце.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Гэта Перамога - вялізная адказнасць. Перамогу зрабілі прадзеды, дзяды аднавілі гэтую краіну. А наша пакаленне павінна вялізнай працай апраўдвацца перад імі. Мы годныя гэтай Перамогі! Дзякуй Вам, мы годныя! А малодшае пакаленне, таксама павінна задумацца, яны гавораць: "Наша Перамога". Гэта Перамога іх прадзедаў, яны павінны зрабіць сваю Перамогу. Хай яна будзе працоўнай. Яна выяўляецца ў любові да Радзімы, як яна павінна выяўляцца: у штодзённай працы і разуменні сённяшняга моманту".

У асобы юбілей - асабліва ярка раскрываюцца вехі слаўнай гісторыі - ад 30-ых гадоў мінулага стагоддзя да дзён сённяшніх. У фінале - зводны хор выконвае "Марш Перамогі" - жыццё святкуе.

Марат Жылінскі, рэктар Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Тая вайна - яна ў нас сядзіць ужо генетычна, яна перадалася з малаком ад нашых бабуль маці, ад нашых маці да нас, і вось мы, сённяшняе пакаленне, перадаём сваім дзецям і ўнукам. Але гэта не толькі гаркота страты, гэта і гонар за сваю краіну, якая выстаяла, нягледзячы ні на што, у тыя суровыя гады".

Подзвіг савецкага народа, Вялікая Перамога і традыцыі ўрачыстага святкавання 9 мая - у Беларусі сталі падмуркам дзяржавы. Яны так гарманічна ўпляліся ў наш нацыянальны код, так трывала звязалі пакаленні і настолькі накіраваныя ў будучыню, што разарваць гэтую сувязь ужо немагчыма.

71-шы мірны год ужо пачаў свой адлік. Мы памятаем. Мы ганарымся. Са Святам, Беларусь!