У Мінску сёння адбудуцца дзве індывідуальныя велагонкі

25 июня 2019

Сёння цэнтр сталіцы зноў захопяць велагоншчыкі. Адбудуцца дзве індывідуальныя гонкі.

Веласіпедысты стартуюць у самым цэнтры сталіцы - на Кастрычніцкай плошчы. Маршрут будзе ісці па вуліцах Купалы - Куйбышава - Багдановіча - Старажоўская - Няміга - Кальварыйская і Ціміразева, завершыцца там жа, дзе пачынаецца, - на Інтэрнацыянальнай. Таму з 8:30 і да 15:30 зменіцца рух грамадскага транспарту ў Мінску. Будзе абмежаваны выезд аўтамабіляў з двароў побач, забароненая стаянка ўздоўж вуліц, па якіх пройдуць заезды.

Такім чынам, першымі на старт веласіпеднай індывідуальнай гонкі ў 10 раніцы выйдуць жанчыны. Ім трэба пераадолець 30 кіламетраў. У складзе зборнай Беларусі будуць змагацца за медалі бронзавы прызёр у групавой гонцы Таццяна Шаракова, а таксама Алёна Амялюсік. У 13:00  стартуюць мужчыны, беларусы  сярод іх - Васіль Кірыенка і Браніслаў Самойлаў.

Усяго ж сёння будзе разыграна восем камплектаў узнагарод у шасці відах спорту. Апроч велагоншчыкаў за медалі ў камандных турнірах пазмагаюцца дзюдаісты і стралкі. Чэмпіёнаў і прызёраў у парных турнірах вызначаць майстры малой ракеткі. Заключныя камплекты медалёў разыграюць батутысты і прадстаўнікі спартыўнай аэробікі. Акрамя таго, у Заслаўі  стартуюць спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ, а на футбольным полі ў САК "Алімпійскі" пачынаюць барацьбу пляжнікі. Беларусы ў першы дзень згуляюць з румынамі.