У Мінску сёння пройдзе генеральная рэпетыцыя парада

28 июня 2018

Трасцянец, Хатынь, Зэльва і яшчэ сотні мемарыялаў, якія ўвекавечылі памяць аб тым, якой цаной даставалася свабода. Таму і цану міру ў Беларусі адчуваюць па-асабліваму. Лічаныя дні застаюцца да галоўнага свята краіны - 3 ліпеня. Цэнтральнай падзеяй урачыстасцяў у Дзень Незалежнасці стане святочны парад у сталіцы. Сёння ў Мінску пройдзе апошняя, генеральная рэпетыцыя. 4 тысячы вайскоўцаў, 250 адзінак тэхнікі. Мінчане і госці сталіцы маглі назіраць за маршам ваенных машын па вуліцах горада. У дадзены момант усе знаходзяцца на зыходных пазіцыях, на месцы будучага парада працуе і наш карэспандэнт Аляксандр Камовіч. Аляксандр, што зараз адбываецца на галоўнай пляцоўцы і ці ўсё гатова?

Сапраўды, зараз можна гаварыць пра гатоўнасць нумар адзін. Генеральная рэпетыцыя пачнецца ўжо менш чым праз гадзіну. У дадзены момант калона ў поўным складзе знаходзіцца на галоўнай пляцоўцы, ля стэлы "Мінск - горад-герой". Тут жа сабраліся некалькі тысяч чалавек, каб панаглядаць за трэніроўкамі вайскоўцаў.

Наогул сёння на галоўнай пляцоўцы атмасфера максімальна набліжаная да той, якая будзе на Дзень Незалежнасці. Бяспеку гарантуюць сілавікі і ратавальнікі, за трэніроўкай сочаць ваенныя начальнікі, сабраліся і тэлевізіёншчыкі. Адзначым, што для рэжысёраў, тэлеаператараў, каментатараў і журналістаў генеральная рэпетыцыя гэта таксама свайго роду фінальная трэніроўка. Сёлета ўпершыню Дзень Незалежнасці пакажуць у фармаце Full-HD. Будуць працаваць дзве перасоўныя тэлевізійныя станцыі, 23 камеры і 4 краны. Відэа таксама будзе перадавацца напрамую з параднай тэхнікі. Упершыню карцінку трансліраваць будуць з коптара. Адзначым, што трансляцыя - гэта сумесны прадукт Белтэлерадыёкампаніі з тэлекампаніяй "Воен ТБ". Аб апошніх прыгатаваннях да тэлевізійнай трансляцыі - у інтэрв'ю.

Адзначым, што сёння паглядзець сапраўды ёсць на што. Як на Дзень Незалежнасці, так і сёння, святочную калону ўзначаліць легендарны танк перамогі Т-34. Далей пройдуць знаёмыя беларусам узоры ўзбраення - бронеаўтамабілі, артылерыйскія і зенітныя ўстаноўкі, ракетныя сістэмы. Зрэшты, знойдзецца месца і навінкам - першы раз будуць прадстаўлены беларускія беспілотнікі. Усяго ў парадзе пройдуць 250 адзінак баявой тэхнікі ў складзе 23 разлікаў. Рух калоны тэхнікі да стэлы некалькі гадзін назад можна было назіраць у цэнтры горада.

Што ж да пешых разлікаў, то ўпершыню па праспекце нашай сталіцы пройдуць салдаты з Кітая. Акрамя таго, чаканіць крок у страі будуць жанчыны - вайскоўцы беларускай арміі. Па традыцыі рыхтуе сюрпрыз рота ганаровай варты. Усіх сакрэтаў арганізатары, вядома, не раскрываюць, але абяцаюць яркае і незабыўнае шоу. Дададзім, што парадная калона расцягнецца на амаль тры кіламетры. Так што і я не буду раскрываць усіх сакрэтаў, якія ўбачу сёння…