У Мінску Рэспубліканская дошка пашаны ўжо 18-ы раз абнавіла свой рэйтынг

29 июня 2017

У беларускай сталіцы сёння ўшаноўвалі тых, хто стаіць у авангардзе развіцця нашай краіны. У Мінску Рэспубліканская дошка пашаны ўжо 18-ы раз абнавіла свой рэйтынг. У яго патрапілі 68 прадпрыемстваў і арганізацый з розных сфер. Адпаведны ўказ падпісаны Кіраўніком дзяржавы. Лепшымі ў сацыяльна-эканамічным развіцці за мінулы год сталі Гомель і Брэст. На плошчы Дзяржаўнага флага ўшаноўвалі тых, хто дасягнуў найлепшых паказчыкаў - ад прамысловых прадпрыемстваў да медустаноў. З лаўрэатамі пагутарыў Дзмітрый Цітоў.

Тых, хто прыйшоў сюды ўпершыню, можна адразу вызначыць сярод шматразовых лаўрэатаў. Яны шукаюць таблічкі з назвамі сваіх кампаній. У ліку новых пераможцаў далёка не пачатковец у абутковай прамысловасці краіны - "Белвест". У апошнія гады значна палепшыў свае паказчыкі.

Сярод лаўрэатаў - арганізацыя аховы здароўя. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Кардыялогія". Сёлета нашы ўрачы паспяхова правялі некалькі ўнікальных аперацый без скальпеля, усталяваўшы пратэз для аорты. У галоўную артэрыю чалавека змяшчаецца спецыяльны імплантант. Яго незвычайны сплаў дазваляе самастойна раскрывацца ў арганізме да патрэбнага памеру.

Гомель і Брэст занесеныя на Рэспубліканскую дошку пашаны як лепшыя гарады і раёны ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мэр Брэста Аляксандр Рагачук падкрэслівае, што, пэўна, адзін раз на год прапускае ранішнія планёркі. Менавіта з такіх нагод.

Малочная вытворчасць і рыбаперапрацоўка - сферы, якія вызначаюць практычна палову эканомікі горада. Вялікі ўклад занесены і будаўнічымі арганізацыямі. Адгэтуль і заслужаная ўзнагарода.

У сферах адукацыі і культуры лаўры дасталіся 41-й сталічнай гімназіі і Гомельскаму дзяржцырку. Вызначыліся таксама Мінсктранс, сталічны ЦУМ, універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, агракамбінат "Дзяржынскі". Першы намміністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко прызнаецца, што ў іх галіне канкурэнцыя была вялізная, і месцаў на дошцы хапіла не ўсім. У ліку лепшых ужо не першы год - Белтэлекам.

Указам Прэзідэнта на дошку пашаны занесеныя 68 намінантаў. Сярод раёнаў за мінулы год высокія вынікі ў Гродзенскага, Дзяржынскага і Мінскага. Сёння ў раёне плошчы Дзяржаўнага флага былі тыя, у каго ёсць падстава ганарыцца сваёй працай.