У Мінску пройдзе велопарад "Віва, Ровар"

18 мая 2019

Cпортсмены-аматары сёння праедуць па Мінску. Пасля міжнародных спаборніцтваў па веласпорце ў сталіцы пройдзе велопарад "Віва, Ровар". Арганізатары чакаюць каля 20 тысяч удзельнікаў. Калона веласіпедыстаў па традыцыі стартуе ад стэлы "Мінск - горад герой" у 3 гадзіны дня. Па праспекце Пераможцаў парад праедзе да "Мінск-Арэны" і назад. На фінішы ў парку Перамогі аматараў актыўнага адпачынку чакае шмат конкурсаў. Асаблівая ўвага касцюмам, за якія можна атрымаць новы веласіпед.

Дарэчы, стаць удзельнікам велакарнавалу могуць не толькі веласіпедысты. У калоне дазволяць пракаціцца на роліках, самакатах і сігвеях. Галоўнае - быць уважлівым на дарозе. За парадкам будуць сачыць супрацоўнікі ДАІ і валанцёры. А вадзіцелям трэба падумаць пра іншы маршрут - у цэнтры сталіцы абмяжуюць рух.

У 14:00 перакрыюць праспект Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў. У 14:50 рух абмяжуюць на праспекце Пераможцаў у абодва бакі ад стэлы "Мінск - горад-герой" да "Мінск-Арэны" і частку праспекта Машэрава, якая прымыкае да парку Перамогі. Будзе зменены і маршрут гарадскога транспарту. Рух паэтапна будзе аднаўляцца пасля 16:00.