У Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню

29 августа 2019

Мінск ізноў стане глабальнай перагаворнай пляцоўкай. На наступным тыдні  3 і 4 верасня ў беларускай сталіцы пройдзе міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па процідзеянні тэрарызму. На форум прыедзе каля 60 дэлегацый з паўсотні краін. Сумеснае мерапрыемства па лініі Беларусь - ААН арганізавана МЗСам і Контртэрарыстычным упраўленнем Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Канферэнцыя лагічна працягне міжнародную сустрэчу высокага ўзроўню, праведзеную ў Мінску пад эгідай АБСЕ  ў кастрычніку 2018.

Анатоль Глаз, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Мэтай форуму стане абмеркаванне шматбаковых намаганняў і выпрацоўка рашэнняў на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях па барацьбе з тэрарыстамі і тэрарыстычнымі групамі ва ўмовах большай даступнасці і росту складанасці тэхналогій, што выкарыстоўваюцца. Будуць разгледжаны пытанні прымянення тэрарыстамі новых тэхналогій і штучнага інтэлекту, абмеркаваны падыходы і стратэгіі процідзеяння тэрарыстычнай прапагандзе і неправамернаму выкарыстанню дасягненняў тэхналагічнага прагрэсу".

Плануецца ўдзел генеральнага сакратара АБСЕ, кіраўніка Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН, а таксама прадстаўнікоў кіраўніцтва сакратарыята і структур ААН, АДКБ, ЮНЕСКА, Еўрасаюза, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.