У Мінску пройдзе больш за 80 святочных мерапрыемстваў і акцый

8 сентября 2017

Мінск ўжо прымае віншаванні са сваім 950-гадовым юбілеем. Горад у літаральным сэнсе змяніўся і паўсюль адчуваецца святочная атмасфера. Свой дзень нараджэння, як і належыць імянінніку з такімі значнымі лічбамі ў пашпарце, горад адзначыць гасцінна і з размахам. Ужо сёння ацаніць маштаб гулянняў мінчане і госці сталіцы могуць з вышыні птушынага палёту. У аэрапорце Мінск 1 праходзіць міжнародны фестываль паветраплавання на паветраных шарах. Літаральна ў гэтыя хвіліны стартуе грандыёзнае шоу “Спяваючыя фантаны” ў парку Перамогі. А заўтра ўсе ахвотнікі змогуць паспрабаваць вялізны імянінны торт вагой больш за два з паловай цэнтнеры. Пасля гэтага перанесціся на 9 з паловай стагоддзяў назад і ўбачыць рэканструкцыю бітвы на Нямізе 1067 года. Усяго ў Мінску пройдзе больш за 80 культурных, спартыўных, забаўных мерапрыемстваў і акцый. Аляксандр Харавец аб падарунках любімаму гораду.

Турнікі, шведская сценка, брусы. Гэта ўсё тое, што трэба мінчанам для выканання такіх трукаў, як флажок, падвойнае сальта або сілавая стойка. Зараз і на праспекце Пераможцаў. На варкаўт-пляцоўцы адначасова могуць займацца 15 чалавек. І гэта свайго роду аздараўленчы падарунак.

Вопытныя варкаўтары сцвярджаюць: каб навучыцца рабіць сонейка або выхад на дзве рукі, патрэбна не больш за два тыдні. Палепшыць фізічную форму, а заадно і аздаравіцца на гэтай пляцоўцы можна ў любы час. Прычым абсалютна бясплатна.

А вось павіншаваць сталіцу з 950-гадовым юбілеем ды яшчэ з вышыні птушынага палёту атрымліваецца толькі раз у жыцці. І такі сюрпрыз для горада падрыхтавалі лепшыя сусветныя паветраплавальнікі. На працягу двух дзён у неба над Мінскам будуць узнімацца больш за тры дзясяткі паветраных шароў.

Вось толькі ўбачыць гэтыя паветраныя караблі ва ўсёй красе мінчане сёння не змаглі. Надвор'е нялётнае. Але арганізатары міжнароднага кубка па паветраплавальным спорце спадзяюцца, што заўтра вецер пераменіцца і 35 каманд з 8 краін створаць не проста прыгожую карцінку для сэлфі, але і паспаборнічаюць. Паназіраць за эфектным відовішчам можна будзе практычна ў любым пункце Мінска.

Акунуцца ў свет з Паднябеснай вучні 12-й сталічнай гімназіі з гэтага часу могуць у любое надвор'е. Сёння тут адкрылі цэнтр кітайскай культуры і пісьменства. Высокаінтэлектуальныя IT настаўніка - падарунак ад пасольства Кітая ў Беларусі. Тут жа размясціўся і музей усходніх артэфактаў.

Падарунак сёння атрымалі і студэнты БДУІР. Тут створаны першы ў краіне бізнес-інкубатар. Зараз рэалізоўваць стартапы можна не выходзячы з навучальнага класа. Будынак абсталяваны залай для відэасувязі для дыстанцыйнай адукацыі і анлайн-лекцый, якія могуць праводзіць педагогі з іншых краін.

Зрэшты, гэта толькі малая частка ўсіх падарункаў. Асноўныя мерапрыемствы прызначаныя на суботу і нядзелю.

Ужо заўтра ў 10 раніцы на пляцоўцы ля Палаца спорту стартуе фестываль хлеба. Галоўнай салодкай фішкай стане вялізны торт вагой больш за чвэрць тоны. Кандытарскі шэдэўр вырабяць у выглядзе кветкі з 9 пялёсткамі.

Апоўдні мінчан перанясуць на 9 з паловай стагоддзяў назад. У раёне праспектаў Пераможцаў і Машэрава адновяць гісторыю не проста старога, а старажытнага Мінска. Гледачоў чакаюць і рыцарскія баі, і конныя паядынкі, і нават штурм крэпасці.

А з 8 вечара ля Палаца спорту меламанаў чакае вакальна-інструментальнае шоу ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра. Фінальным акордам суботы стане грандыёзнае 20-хвіліннае феерверк-шоу. Яно стартуе за гадзіну да апаўночы.

Прыехаць і з'ехаць са святочных пляцовак будзе не цяжка. Колькасць аўтобусаў павялічаць, а час чакання падземных электрычак зменшаць.

У нядзелю сталіца ператворыцца ў бегавую трасу. У 10 раніцы стартуе Мінскі міжнародны паўмарафон. Дыстанцыі ў 5, 10 і 21 кіламетр гатовыя прабегчы больш за 30 тысяч чалавек. Стаць часткай маштабнага забегу яшчэ ёсць магчымасць - рэгістрацыя адкрыта.