У Мінску прайшло чарговае пасяджэнне спецыяльнай рабочай групы

28 июня 2013

Той самай, перад якой Прэзідэнт паставіў няпростую задачу - выратаваць будаўнічую сферу. Гэтым разам да гарачых дыскусій наконт цаны квадрата і тэрміну ўзвядзення жылля дадалося яшчэ некалькі важных тэм. Напрыклад, вылучэнне зямельных участкаў. Так, на пасяджэнні рабочай групы Кіраўнік Прэзідэнцкай Адміністрацыі Андрэй Кабякоў даручыў падрыхтаваць змены ў нарматыўныя акты, дзе будуць дакладна прапісаныя абавязковыя адміністрацыйныя працэдуры і для забудоўшчыкаў, і для мясцовых улад пры ўзгадненні дакументаў на будаўніцтва. Адначасова прапаноўваецца ўвесці персанальную адказнасць за цяганіну.


Якія яшчэ рэцэпты супраць бюракратызму і карупцыі прапаноўвалі на дыскусіі, пачуў Юрый Пракопаў. Галоўнай тэмай чарговага пасяджэння рабочай групы па праблемах будаўнічай галіны было вылучэнне зямельных участкаў. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў назваў гэтае пытанне найболей складаным: карупцыйныя рызыкі патрабуюць навядзення тут парадку ў першую чаргу.


Пачалі з грувасткай сістэмы ўзгадненняў. Наогул зямлю атрымаць нескладана. Ёсць два шляхі: або купіць з аўкцыёну, або бясплатна - па рашэнні ўлад. Цяжкасці пачынаюцца адразу пасля выбару пляцоўкі і падрыхтоўкі тэхнічных дакументаў. У тых жа ведамствах, што далі дазвол на ўчастак, раптам заяўляюць, што паверхавасць дома не тая, або пажарнай машыне ехаць далёка, або подпісу не хапае. Бізнес прапаноўвае гэтыя працэдуры аптымізаваць.


На пасяджэнні камісіі адзначылі, што пасля прыняцця ўказу Прэзідэнта №667 працаваць стала прыкметна прасцей. Там прапісаны ясны пакрокавы механізм. Аднак ёсць яшчэ шмат урадавых пастаноў і ведамасных інструкцый. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Галь прызнаўся, што напярэдадні спрабаваў злічыць іх усе - не здолеў.


Старшыня Дзяржкантролю Аляксандр Якабсон прапанаваў спрасціць адміністрацыйныя працэдуры так, каб паперамі займаліся толькі адказныя ведамствы, а не заказчык.


Нагрувашчванне ўзгадненняў, калі будоўля залежыць ад подпісу чыноўніка, спараджае яшчэ адну праблему - карупцыю. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык прапанаваў звесці да мінімуму чалавечы фактар, вылучаючы ўчасткі на аўкцыёнах з прыцягненнем беларускіх і замежных інвестараў.


Яшчэ адна карупцыйна ёмістая сфера - закупкі матэрыялаў для будаўніцтва. Тут цэлы клубок парушэнняў. Прыцягненне да гандлю несапраўдных фірм, невыкананне ўмоў конкурсу, закупкі без праектна-каштарыснай дакументацыі і - адсутнасць адказнасці. У выніку павялічваюцца тэрміны і цана аб'екта.


Высветлілася, што для высокіх цэн на будаўніцтва ёсць прававыя дзіркі. Прыватніку чамусьці таргавацца на паніжэнне з пастаўшчыкамі можна, а дзяржаўнай арганізацыі - не. Прадстаўнікі Мінэканомікі тлумачылі гэта тым, што таргавацца забараняюць нарматыўныя акты. Андрэй Кабякоў катэгарычна не згодзен з гэтым.


Паводле вынікаў дыскусіі на гэтым тыдні выпрацаваны шэраг даручэнняў. Што датычыцца адміністрацыйных працэдур, Кіраўнік Адміністрацыі даручыў падрыхтаваць змены ў нарматыўныя акты, дзе будуць выразна прапісаныя абавязковыя адміністрацыйныя працэдуры і для забудоўшчыкаў, і для мясцовых улад. Пры ўзгадненні дакументаў на будаўніцтва прапаноўваецца ўвесці персанальную адказнасць за цяганіну. Таксама пры рашэнні пытання аб зямлі перавагу павінны аддаваць аўкцыёнам. Змены крануць і дзяржзакупкі: прапаноўваецца распрацаваць такі парадак гандлю, каб тавары на будоўлю куплялі па самым выгадным кошце, а ўдзельнікі мелі адпаведную прафесійную атэстацыю.


Шукаць рашэння наяўных будаўнічых праблем працягнуць ужо на наступным тыдні. І, дарэчы, у грамадзян з'явіцца магчымасць далучыцца да гэтага працэсу. З 1 ліпеня - гэта значыць, ужо з панядзелка - пачне працаваць тэлефон даверу. Патэлефанаваўшы па нумары 2-100-190, кожны зможа распавесці пра свае цяжкасці з будоўляй, якія стануць прадметам дэталёвага аналізу рабочай групай. Паведамленні на гарачую лінію будуць прымаць да 1 верасня з 8:30 да 18:30.