У Мінску прайшла яркая рэпетыцыя вайскоўцаў да маштабнай выставы MILEX

18 мая 2017

Барацьба з бандфарміраваннем і выкананне задач ва ўмовах рэальнага бою. Сёння на тэрыторыі аэрадромнага комплексу Мінск-1 майстэрства адточвалі беларускія баявыя машыны, якія прымуць удзел у 8-й Міжнароднай выставе ўзбраення і тэхнікі MILEX-2017. З неба спускаліся парашутысты, верталёты высаджвалі дэсант, а бронетранспарцёры танцавалі вальс. Сярод новых узораў тэхнікі - беларускія "Кайманы", якія шырокая публіка ўбачыла ўпершыню. Лёгкія браневікі - абсалютна новая распрацоўка нашых спецыялістаў, створаная ў Барысаве.

Выстава MILEX - знакавая ваенна-палітычная падзея, у аснове якой рэальная эканоміка. Экспарт прадукцыі ваеннага прызначэння за апошнія 5 гадоў Беларусь павялічыла ўдвая. Маштабны форум гэтым разам збярэ ў Мінску прадстаўнікоў больш як 30 краін, уключаючы Германію, Кітай, Егіпет і Кыргызстан. Беларусы прадэманструюць свае распрацоўкі магутным блокам. Публіцы пакажуць як найноўшыя ўзоры, так і тэхніку, якая ўжо на ўзбраенні нашай арміі.

Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "На асноўнай пляцоўцы "Мінск-Арэны" будуць прадэманстраваны толькі новыя ўзоры. Такіх узораў больш за 90. Гэта і сродкі рухомасці, сродкі радыёлакацыі, радыёразведкі і электроннай барацьбы, сродкі паражэння, якіх у нас не было. Выконваючы задачу, пастаўленую Прэзідэнтам, мы па шматлікіх узорах і кірунках выйшлі на поўны цыкл. Г.з. распрацоўка, вытворчасць і рэалізацыя на ўнутраны рынак і знешні".

Яркае, маляўнічае шоу на зямлі і ў паветры гледачы змогуць убачыць у суботу. Яно стане своеасаблівым пралогам афіцыйнай цырымоніі адкрыцця выставы.