У Мінску прайшла кваліфікацыя на першы афіцыйны чэмпіянат свету па брэйк-дансе

26 марта 2019

У Мінску прайшла кваліфікацыя на першы афіцыйны чэмпіянат свету па брэйк-дансе, які пройдзе ўлетку ў Кітаі. За права прадстаўляць Беларусь на топавым спаборніцтве змагаліся юнакі і дзяўчаты з Мінска, Баранавіч, Пінска і Брэста. Што такое дроп і фрыз і як правільна круціць млын, раскажа Ілья Цвяткоў.

Выстаяць на месцы для Мікіты Цынкевіча - няпростая задача. Увесь час у руху. Брэйкам хлопец займаецца ўжо сем гадоў - захапіўся яшчэ ў дзіцячым садку. І цяпер кожны дзень удасканальвае складаныя элементы энергічнага танца. Юны бі-бой прызнаецца: марыць стаць чэмпіёнам свету. Мікіта – адзін з двухсот удзельнікаў нацыянальнай кваліфікацыі на першы афіцыйны чэмпіянат свету па брэйк-дансе. Мінск прымаў віртуозаў з усёй Беларусі. Спаборнічалі яны ў чатырох намінацыях. Разам з юнакамі на танцпляцоўку выходзілі і дзяўчаты.

Адны з самых складаных элементаў у брэйк-дансе – гэта элементы з фіксацыяй руху ў паветры. І называюцца яны простым словам “фрыз”. Напрыклад, вось гэта фрыз на адной руцэ. Каб паўтарыць такое, мне спатрэбіцца не адзін год трэніровак. Брэйк-данс - не проста танец, хутчэй - спартыўная дысцыпліна. Каб вывучыць нават самыя простыя рухі, неабходна мець выдатную фізічную падрыхтоўку. Разнастайныя элементы і фіксацыі патрабуюць цягавітасці і здольнасці трымаць баланс цела.

Бі-боінг - так яшчэ называюць брэйк-данс - з'явіўся ў Бронксе (адным з раёнаў Нью-Ёрка) напрыканцы шасцідзясятых. Пад незвычайны, быццам ламаны рытм танцоры спалучалі падзенне на зямлю з віртуознымі кручэннямі. У Мінску гэты танцавальны рух імкліва развіваецца. Бі-боінг - адна з дысцыплін, якую плануюць уключыць у праграму Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы.

Мінск не раз станавіўся арэнай для міжнародных спаборніцтваў па бі-боінгу. Цяпер жа каманды розных узростаў з усёй Беларусі праходзяць адборачныя этапы да чэмпіянату свету па брэйк-дансе, які пройдзе 23 чэрвеня ў кітайскім Нанкіне. Лепшых танцораў вызначаць у індывідуальных і камандных заліках.