У Мінску прайшоў ваенны парад і маладзёжна-спартыўнае шэсце

3 июля 2013

Расказвае Алеся Высоцкая. Седзячы на дужых плячах бацькі, маленькі Цімафей з цікавасцю разглядае ўсё вакол. Яркія флагі, людзі з чырвонымі стужкамі і ўсмешкі. Малы, вядома, не разумее пакуль да канца сэнс слоў доблесць, слава, але ўжо дакладна ведае, што Дзень Незалежнасці для беларусаў - сімвал нацыянальнага гонару, свята, дзе ўсе пакаленні адзіныя.


Цёплы летні дзень - проста ідэальныя ўмовы для свята. Ля мемарыяльнага комплексу Мінск - горад-герой тысячы гледачоў сабраліся задоўга да парада. Менавіта тут, у месцы, якое сімвалізуе мужнасць і стойкасць абаронцаў беларускай сталіцы, традыцыйна пачынаецца парад.


Хваляванне перад пачаткам дзейства нават у сталых удзельнікаў. Звычайна, гэта заўсёды застаецца за тэлекадрам. Начысціць да бляску чаравікі, паправіць форму, справіцца з невялікім хваляваннем... Гэта толькі самыя простыя задачы, якія стаяць перад вайскоўцамі.


Мііж тым ваенны парад распісаны па секундах. На праспекце, як прынята гаварыць у вайскоўцаў, ідэальнымі да міліметра каробкамі выстраіліся больш за тры тысячы вайскоўцаў, каля 150 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. На аэрадромах чакаюць старту сучасныя баявыя самалёты і верталёты беларускай ваеннай авіяцыі. На праспекце з'яўляюцца парадныя машыны з адкрытым верхам. Пачынаецца аб'езд войскаў.


Аляксандр Лукашэнка прымае даклад і падыходзіць да трыбуны. У віншавальнай прамове нагадвае, якой цаной дасталася рэспубліцы свабода і незалежнасць.


Яшчэ секунды і пад дробат барабанаў парад адкрываюць разлікі Мінскага сувораўскага вучылішча. Гледачы заміраюць і ўважліва сочаць за парадам. Гэтым разам на трыбунах госці з усіх куткоў Беларусі, а таксама з краін нашых стратэгічных партнёраў - далёкага замежжа. За дакладнымі дзеяннямі парадных разлікаў з VIP-трыбуны разам з беларускім лідарам назіраюць прэзідэнты Венесуэлы і Лаоса.


Услед за сувораўцамі салдаты ў форме Вялікай Айчыннай з легендарнымі ППШ наперавес. Перад трыбунамі - сцяг Перамогі і штандары франтоў, якія прымалі ўдзел у найважнейшай беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі Баграціён. У парадным страі салдаты і афіцэры ўсіх родаў войскаў Беларусі. Разам з імі чаканяць крок і дэсантнікі з Расіі.


Гул рухавікоў суправаджае легендарныя Т-34, рэактыўную сістэму залпавага агню кацюша. Лозунгі на бартах, актуальныя ў розныя ваенныя гады, выклікаюць у ветэранаў асаблівыя пачуцці.


За апошнія гады ў арсенале беларускай арміі з'явіліся дзясяткі ўзораў новага ўзбраення, на прадпрыемствах айчыннага ваенпрама мадэрнізаваныя да ўзроўню сусветных стандартаў сотні адзінак баявой тэхнікі. Лепшае сёння на парадзе.


Парадны разлік расцягваецца на паўтара кіламетра. Бронетранспарцёры і рэактыўныя сістэмы залпавага агню Смерч дэманструюць ужо больш сучаснае ўзбраенне. Гэта самая дасканалая сістэма свайго класа ў свеце. Па магутнасці і далёкасці ёй дагэтуль няма роўных на планеце.


А гэтыя высакаманеўраныя пазадарожнікі вырабленыя нашымі партнёрамі ў Кітаі. Прыклад эфектыўнага ваеннага супрацоўніцтва. Магутнасць рухавіка ў два разы большая, чым у сучаснага танка, і разганяюцца яны для ваеннай тэхнікі вельмі хутка - да 115 кіламетраў за гадзіну.


Усяго ў парадзе больш за 220 адзінак ваеннай тэхнікі. Прадстаўлены войскі саюзнікаў і новае пакаленне баявых машын беларускай арміі. Напрыклад, гонар айчыннай сістэмы СПА - зенітна-ракетны комплекс С-300 - здольны весці барацьбу з любымі паветранымі цэлямі.


Магутныя машыны саступаюць месца паветраным асам. На хуткасці 200 кіламетраў за гадзіну ўсяго за 30 метраў адзін ад аднаго баявыя верталёты нясуць флагі Беларусі, Узброеных Сіл, Міністэрства абароны і сцяг Перамогі.


Майстэрства паказвае і адзіная ў краіне пілатажная група Белая Русь. Баявы клін самалётаў у складзе пяці Л-39 размалёўвае неба ў колеры дзяржаўнага флага.


Ваенную частку парада па традыцыі завяршае рота ганаровай варты. Выступленне, якое заўсёды з асаблівым нецярпеннем чакаюць гледачы, уражвае дакладнасцю і зладжанасцю дзеянняў. Сёлета рота ганаровай варты, якая лічыцца адной з лепшых у свеце, дэманструе аўдыторыі новыя, яшчэ больш складаныя элементы. Незалежнасць дзяржавы куецца і на прадпрыемствах. Ля стэлы Мінск - горад-герой - гонар беларускай аўтамабільнай прамысловасці. У калоне Мінскага трактарнага завода прадстаўленыя папулярныя мадэлі. Іх ведаюць больш за сотні краін. У Амерыцы, Афрыцы і Азіі працуюць зборачныя вытворчасці.


Не адстаюць гомельскія камбайны, навінкі Амкадора, МАЗы, нашы цяжкавагавыя БелАЗы.


Як заўсёды маляўнічае і маладзёжна-спартыўнае шэсце. Беларусь - спартыўная краіна. І сёння можа прымаць міжнародныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, што ўжо пацвердзілі чэмпіянат свету па веласіпедным спорце, чэмпіянаты Еўропы па веславанні, пяцібор'і і боксе. А ў 2014 будзем трымаць экзамен пры правядзенні чэмпіянату свету па хакеі.


У святочнай калоне як знакамітыя спартсмены, так і тыя, чые імёны толькі ўпісваюцца ў гісторыю суверэннай Беларусі. Гледачы не спяшаліся разыходзіцца і з задавальненнем абменьваліся ўражаннямі. У жыцці маленькага Цімафея, які ўвесь парад глядзеў з вышыні татавых плячэй, гэта таксама новая і шчаслівая старонка яго ўласнай жыццёвай гісторыі.