У Мінску прайшоў VIII з'езд анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў

19 мая 2016

Вяртанне да жыцця нават тады, калі шанцы на яго мінімальныя, - гэта іх праца, калі не сказаць - прызначэнне. Сёння ў Мінску прайшоў VIII з'езд анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў. Больш за 300 урачоў з 11-ці краін прыехалі ў Беларусь дзяліцца вопытам і вучыцца ў нашых медыкаў. За 10 гадоў анестэзія стала не проста бяспечнай. Як упэўніваюць спецыялісты, нават карыснай для здароўя. Пра тых, хто пачынае і заканчвае найскладанейшыя аперацыі, ведае Юлія Грызунт.

У Андрэя Касцецкага пачаліся праблемы з печанню яшчэ 20 гадоў назад. За гэты час медыцына зрабіла вялізны прарыў. Выпадак Андрэя сапраўды цяжкі - 8-гадзінная аперацыя, наймацнейшы наркоз, праўда, ён стаў для пацыента не больш чым проста моцным сном.

Ужо праз два тыдні пасля аперацыі Андрэя Касцецкага выпісваюць з бальніцы. Такіх пацыентаў у цэнтры трансплантацыі - дзясяткі. Дарэчы, для жыхароў нашай краіны такія аперацыі тут праводзяць бясплатна.

Зараз урачы выдаляюць пацыенту хворую частку печані. Тут такая працэдура праходзіць амаль кожны дзень і доўжыцца каля пяці гадзін. Ну а праца анестэзіёлага з гэтым пацыентам пачалася яшчэ за некалькі дзён да аперацыі.

Можна сказаць, з дня яе прызначэння. Сучасны наркоз падбіраецца індывідуальна, залежыць ад полу, вагі, супрацьпаказанняў і нават ад гісторыі хвароб пацыента, пачынаючы з самага дзяцінства. Бо анестэзія павінна не толькі "ўсыпіць" хворага, але і дапамагчы арганізму перажыць цяжкі стрэс. Дарэчы, у аперацыйнай анестэзіёлаг з'яўляецца таксама раней за хірурга - пагружэнне пацыента ў сон доўжыцца ад 15 хвілін да 2 гадзін.

Андрэй Мінаў, загадчык аддялення 9-ай гарадской клінічнай бальніцы: "Супрацьпаказанняў да анестэзіі як такіх няма. Калі чалавеку паказаная аперацыя, то яму паказаная і анестэзія. Таму што анестэзія - гэта абарона. Гэта не шкода. Гэта толькі на карысць пацыенту".

Праца над удасканаленнем новых спосабаў, не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, вядзецца пастаянна. Урачы штогод абменьваюцца вопытам у гэтай галіне.

Сёння ў Мінску сабраліся вядучыя рэаніматолагі і анестэзіёлагі з 11-ці краін. Спецыялісты з Расіі, Еўропы і ЗША падкрэсліваюць, ім сапраўды ёсць чаму павучыцца ў беларускіх медыкаў.

Васіль Жарко, Міністр аховы здароўя Беларусі:

"Не ведалі б нашых дасягненняў - да нас бы не ехалі. Мы ехалі б да іх вучыцца. А так - вучымся адзін у аднаго. Да нас едуць пацыенты. І не баяцца ехаць лячыцца. Значыць, гэта гаворыць пра давер да нашай сістэмы, якога не было 10 і 5 гадоў назад".

Яшчэ 10 гадоў назад рэабілітацыя пацыента пасля наркозу займала некалькі сутак. Сёння, сцвярджаюць спецыялісты, агульны наркоз не наносіць больш шкоды, чым кубак кавы.