У Мінску прайшоў Міжнародны фестываль класічных аўтамабіляў

12 мая 2018

Выхадныя ў стылі рэтра. Настальгічныя "Волгі", народныя "масквічы", культавыя "фальксвагены" і рэдкія "б’юікі". У Мінску прайшоў Міжнародны фестываль рэтра- і класічных аўтамабіляў.

У беларускую сталіцу прыехалі калекцыянеры іх 8 краін. Усяго 344 удзельнікі. Стартаваў фестываль на плошчы Дзяржаўнага герба і флага. Затым картэж праехаў па сталічных праспектах Пераможцаў і Незалежнасці. Зрабілі і круг пашаны на плошчы Перамогі. Гукавымі сігналамі ўдзельнікі аўтафестывалю ўшанавалі памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Пазнаёміцца з аўталегендамі можна было сёння і на Кастрычніцкай плошчы. Ля Палаца Рэспублікі разгарнулася выстава пад адкрытым небам. Заўтра фестываль перамесціцца ў сталічны рэгіён. Удзельнікі наведаюць флагман беларускага машынабудавання - БелАЗ.