У Мінску прайшоў фестываль кавы

25 апреля 2016

Для кагосьці кава - гэта проста напой, а для кагосьці цэлае мастацтва. Напярэдадні ў Мінску прайшоў фестываль кавы, дзе наймацнейшыя барыста змагаліся за тытул лепшага. Упершыню такі чэмпіянат праводзіцца па ўсіх сусветных правілах, і ўжо летам пераможца зможа прадставіць нашу краіну на міжнародным чэмпіянаце ў Дубліне. Дарэчы, выбіралі не толькі лепшага барыста, але і лепшага каптэстара - г. зн. дэгустатара кавы. Пра тое, як праходзілі чэмпіянаты, раскажа наш карэспандэнт Хрысціна Страх.

Чым адрозніваецца капучына ад эспрэса, ведаюць многія, а вось як адрозніць Арабіку ад Рабуста ведаюць толькі прафесіяналы. Каб даведацца, хто робіць гэта лепш і хутчэй, у Мінску правялі два чэмпіянаты. Адзін на званне лепшага каптэстара (або прасцей дэгустатара), другі - на званне лепшага барыста. Абодва чэмпіянаты праводзяцца па ўсіх сусветных правілах.

Каптэстынг - гэта дэгустацыя розных сартоў кавы. Такі чэмпіянат праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. На спаборніцтве ў кожнага ўдзельніка было ўсяго 8 хвілін, каб з трох васьмёрак знайсці восем лішніх кубкаў кавы. Па словах членаў журы, каб справіцца з такім заданнем, трэба пакаштаваць вельмі шмат кавы.

За званне лепшага барыста на гэты раз змагаліся 22 удзельнікі з усёй Беларусі. Пераможцу чакае не проста прыз, а магчымасць прадставіць нашу краіну на сусветным узроўні. За 15 хвілін кожны барыста павінен прадставіць сябе і сваю кававую сумесь і паралельна прыгатаваць 4 эспрэса, 4 капучына і 4 аўтарскія напоі. Такое ж заданне чакае пераможцу і на сусветным узроўні, таму многія рыхтаваліся месяцамі.

Сусветны чэмпіянат барыста пройдзе праз некалькі месяцаў у Дубліне. За першае месца пазмагаюцца 56 прафесіяналаў. Прадстаўнік нашай краіны пазмагаецца з лепшымі барыста планеты ўпершыню.