У Мінску праходзяць фінальныя этапы конкурсу сацыяльных ініцыятыў Social Weekend

11 декабря 2019
Сёння і заўтра ў Мінску праходзяць фінальныя этапы конкурсу сацыяльных ініцыятыў  Social Weekend, дзе мецэнаты і кампаніі фінансуюць стартапы і ініцыятывы. Прызавы фонд складае 90 тысяч беларускіх рублёў. На старце за інвестыцыі змагалася 320 праектаў, з іх толькі 25 прайшлі у паўфінал. Якія карысныя ініцыятывы прапанаваны ў новым сезоне конкурса, раскажа наш карэспандэнт Надзея Сербіненка.

Сёння ў Мінску праходзіць паўфінал конкурсу Social Weekend. Ужо  14 раз аўтары стартапаў і ініцыятыў змагаюцца за інвестыцыі ад спонсараў і дапамогу ментараў. Усяго за паўгода на конкурс было пададзена больш за 300 заявак. Сярод іх  і экаініцыятыва пад назвай "Лёгкія горада". Яе аўтар  Ягор Пятроў  з дапамогай аднадумцаў займаецца азеляненнем спальных мікрараёнаў Мінска. А пачалося ўсё з таго, што мінчанін выратаваў цэлы сквер дрэў і кустоў ад зносу падчас будаўніцтва метро.

"Лёгкія горада" - адна з 25 ініцыятыў, якія трапілі ў паўфінал конкурсу сацыяльных праектаў. Стартапы ёсць у сферах адукацыі, інклюзіі,  экалогіі,  дапамогі жывёлам і інш. Ужо заўтра будуць вызначаны пераможцы Social Weekend  у 18 намінацыях. Лепшыя атрымаюць фінансавую падтрымку на рэалізацыю сваіх карысных ідэй.