У Мінску праходзіць канферэнцыя па Мэтах устойлівага развіцця ў Беларусі

12 марта 2019

Ліквідацыя няроўнасці развіцця рэгіёнаў - адна з асноўных задач у рабоце па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі. Гэта заявіла  Мар'яна Шчоткіна, выступаючы сёння на адкрыцці беларуска-нямецкай канферэнцыі, прысвечанай лакалізацыі МУР. Яна таксама адзначыла, што  да дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця  павінна падключацца як насельніцтва, так і грамадскія арганізацыі і  грамадства.

Мар'яна Шчоткіна, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця: "Сёння размова  ідзе  вакол таго, якім чынам дзейнічаць, як задзейнічаць усіх у гэтым працэсе. Дзесьці гэта павінна быць развіццё транспартнай інфраструктуры, дзесьці развіццё вытворчасці, дзесьці будаўніцтва жылля. Але павінна быць стратэгічнае планаванне менавіта на гэтай тэрыторыі. Калі ў гэтым раёне будзе вядома, як ён будзе развівацца, якія вытворчасці будуць развівацца, як рынак працы будзе развівацца, што будзе прапанавана людзям, то, натуральна, будзе і зацікаўленасць  у людзей, каб яны жылі менавіта тут". 

У кантэксце Мэтаў устойлівага развіцця важныя і двухбаковыя сувязі. У сумеснай рабоце ў гэтай галіне зацікаўлены эксперты як з Германіі, так і з Беларусі, а іх на канферэнцыі больш за 120 чалавек.  Дзяліцца сваім вопытам і стратэгіямі рэгіянальнага станаўлення ўдзельнікі канферэнцыі прадоўжаць і заўтра.