У Мінску працягваюць працаваць калядныя і навагоднія кірмашы

26 декабря 2017

Святочны настрой ужо ў паветры. У Мінску працягваюць працаваць калядныя і навагоднія кірмашы. Самыя буйныя забаўныя пляцоўкі гэтага года па традыцыі ля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы. Якія сувеніры сталі самымі хадавымі ў пярэдадзень новага года, якія стравы можна пакаштаваць у гандлёвых хатках і ці падабаецца беларусам як упрыгожана сталіца? Пра навагодні Мінск раскажа наш карэспандэнт Дар'я Тарасава.

Зімовыя вечары больш не будуць такімі сумнымі, у гэтыя дні беларуская сталіца заззяла тысячамі святлодыёдных гірлянд і сапраўды стала выглядаць па-еўрапейску. У пошуках навагодніх прыгод людзі з'язджаюцца ў сэрца беларускай сталіцы цэлымі сем'ямі, бо тут працуе "Калядны кiрмаш". Месца сустрэчы - Кастрычніцкая плошча, менавіта там Галоўная ёлка краіны і знакамітыя драўляныя хаткі, у якіх можна набыць актуальныя сувеніры ў выглядзе сімвала новага года - Жоўтага Землянога Сабакі, абзавесціся ёлачнымі цацкамі і, вядома, сагрэцца кубкам навагодняга глінтвейна або гарачага шакаладу.

Для жыхароў і гасцей сталіцы гэтыя арт-аб'екты не проста навагодняя ўстаноўка, а хутчэй святочная фотазона, за атмасфернымі кадрамі ў цэнтр горада прыязджаюць, нават нягледзячы на мінусавую тэмпературу. Так, Мінск ужо традыцыйна ўпрыгожылі 8-метровыя 3Д-шары, усталяваныя ў сэрцы беларускай сталіцы. Дарэчы, сёлета святлодыёдных лакацый стала яшчэ больш. Напрыклад, ля Белдзяржцырка заззяла новая светлавая фігура Клоўна.

На плошчы ля Палаца спорту разгарнуўся кірмаш "Калядная зорка". Бавіць вольны час весела і святочна тут зможа нават самая спрактыкаваная публіка. Сярод забаў - катанне на канях, цір, віртуальныя 3Д-падарожжа і нават атракцыёны для самых маленькіх. Сёлета акрамя традыцыйных беларускіх страў, публіку здзіўляюць і кулінарнымі вынаходкамі. У меню гандлёвых хатак зараз можна адшукаць французскіх вустрыц і фермерскіх слімакоў. Дарэчы, вялікай папулярнасцю ў гэтыя дні карыстаецца павільён з армянскімі пачастункамі. Ёсць і венгерскія стравы.

Навагоднія кірмашы будуць працаваць нават у святочную ноч, 31 снежня. Гандлёвыя павільёны на плошчы ля Палаца спорту - адкрытыя да апошняга наведвальніка, гулянні прадоўжацца да 4 гадзін раніцы.