Чысты месяц. Добраўпарадкаванне двароў, высадка дрэў, кустоў і адкрыццё новых сквераў. У Мінску працягваецца месяц навядзення парадку. Так, толькі за мінулыя выхадныя высадзілі больш за 10 тысяч раслін.
Да навядзення парадку ў горадзе з запалам далучаюцца і жыхары. У ліку добраахвотнікаў і мая калега Наталля Кузьміцкая.
Цнянскае вадасховішча - адно з самых любімых і папулярных месцаў для адпачынку ў гараджан. У любую пару года тут заўсёды шмат людзей – займаюцца спортам, ладзяць пікнікі, выгульваюць хатніх гадаванцаў. Цяпер аматары баўлення вольнага часу на прыродзе могуць прайсціся тут і па экасцежцы.
Дарэчы, школьнікі дапамагалі ў стварэнні экасцежкі. Цяпер тут арганізаваны маршрут працягласцю ў два з паловай кіламетры з інфармацыйнымі паказальнікамі і месцамі адпачынку. Па мясцовасці нават распрацаваныя экскурсіі.
Экасцежка – сімбіёз працы камунальных службаў, эколагаў і добраахвотнікаў. Да канца кастрычніка неабходна завяршыць добраўпарадкаванне гарадскіх аб'ектаў і падрыхтаваць іх да зімы, прыбраць апалае лісце, смецце ў парках і скверах – дапамога неабыякавых гараджан толькі вітаецца.
Акрамя таго, гараджане дапамагаюць і ў азеляненні. Хутка ў Мінску з'явяцца новыя скверы і алеі – у сталіцы ўжо высаджана амаль 10 тысяч дрэў і кустоў.
Да таго ж, адміністрацыя Савецкага раёна аб'явіла конкурс на лепшы творчы праект у афармленні шумаахоўнага экрана, які падзяляе вуліцу Мірашнічэнкі і МКАД. Такім чынам, праз арт-аб'ект жыхарам раёна прапаноўваюць павіншаваць свой любімы Савецкі з 80-м днём нараджэння, які ён адзначыць у наступным годзе.