У Мінску прыступілі да восеньскіх пасадак дрэў, кустоў і цыбульных кветак

21 октября 2015

Месцы для азелянення вызначаны ў кожным раёне горада. Зараз саджанцы перавозяць з гадавальнікаў у сталіцу, каб паспець высадзіць маладыя дрэвы да першых працяглых замаразкаў. Масавыя пасадкі пачынаюцца, калі дрэвы скідваюць лісце і пераходзяць у стан спакою. Зараз азеляніцелі рыхтуюць і клумбы. Гэтай восенню ў гарадскія кветнікі высадзяць 150 тысяч цюльпанаў, крокусаў, гіяцынтаў і нарцысаў, якія расквітнеюць ужо вясной. Надзея Сербіненка сустрэлася з гарадскімі азеляніцелямі.

Новыя месцы для пасадкі раслін сталічныя азеляніцелі вызначылі спецыяльна да гэтага восеньскага сезона. Зялёную зону каля ратушы таксама вырашылі аднавіць. Зараз тут з’явілася жывая агароджа з чатырохсот кустоў ядлоўца. Вечназялёная расліна захоўвае дэкаратыўны выгляд нават зімой.

Высаджваць ядловец трэба па спецыяльнай тэхналогіі. Спачатку пляцоўку для пасадкі трэба вылажыць урадлівым грунтам. А потым куст можна высаджваць. Пасля - абавязковы паліў, каб расліна прыжылася.

Паліваць гэтыя кусты будуць яшчэ на працягу некалькіх дзён, каб падрыхтаваць расліну да зімы. Дарэчы, да першых працяглых замаразкаў трэба паспець высадзіць 150 тысяч цыбульных кветак: цюльпанаў, крокусаў, гіяцынтаў, нарцысаў. Яны заквітнеюць на клумбах Мінска ўжо будучай вясной.

Але да таго, як тысячы дрэў і кустоў трапляюць на вуліцы горада, іх старанна вырошчваюць у гадавальніку “Броўкі”. Батанікі займаюцца размнажэннем як звыклых для гараджан відаў - ліпы, ясеня, клёна, елкі, так і экзатычных экзэмпляраў - вярбы Хакура Нішыкі, спірэі Тунберга, барбарыса і фарзіцыі. Усяго ў гадавальніку - больш за 350 відаў раслін.

У гадавальніку пачалі рыхтавацца і да сустрэчы Новага года. Некалькі соцень елак і соснаў перасадзілі ў кантэйнеры.

Усе саджанцы мінчане могуць купіць. Буйныя гадавальнікі раслін падрыхтавалі да продажу на восеньскіх кірмашах 24 тысячы кустоў і 10 тысяч дрэў. Гэта вязы, ліпы, дубы, ясені, а таксама дэкаратыўныя барбарыс, айва і іглічныя кусты.