У Мінску прэзентавалі першы цэнтр новага фармату абслугоўвання падаткаплацельшчыкаў

3 ноября 2016

Падатковая служба Беларусі запускае маштабны рэбрэндынг. Сёння ў сталіцы прэзентавалі першы цэнтр новага фармату абслугоўвання. Ён адкрыўся на базе інспекцыі Маскоўскага раёна Мінска. Кліентам абяцаюць максімальна камфортныя ўмовы - яшчэ хутчэй і больш якасна. Акрамя таго, зараз плацельшчык не замацаваны за пэўным інспектарам. І гэта выключыць карупцыйныя парушэнні, растлумачылі ў падатковай. Ці пяройдзе ўся краіна на новы фармат і поўную дыстанцыйную справаздачнасць? Аб планах - Вольга Анішчанка.

Зараз у падатковай, амаль як у банку! Кліент заказвае праз тэрмінал талон на абслугоўванне і чакае сваёй чаргі. Выклічуць у адпаведнасці з нумарам. Чаканне, дарэчы, будзе максімальна камфортным: тут усталяваныя спецыяльныя крэслы. Гавораць, галоўнае - каб кліенту было зручна.

Першую дапамогу плацельшчыку - калі трэба - зараз акажа адміністратар. Накіруе да патрэбнага спецыяліста, дапаможа ўправіцца з разумнай тэхнікай. Адным словам, сэканоміць час кліента. Зрэшты, і без гэтага ноу-хау адчытацца ў падатковай зараз атрымаецца нашмат хутчэй.

Дапамагла не толькі дакладная праца электроннага інфарматара, але і куды большая колькасць спецыялістаў. Стыль пакінулі кабінетным, але іншыя інспекцыі зробяць па прынцыпе аперацыйнай залы. На манер банкаўскіх устаноў. Па кабінетах больш хадзіць не прыйдзецца.

Зараз у падатковай будзе чым заняцца і малым.

Літаратура і мультфільмы, праўда, выключна тэматычныя, але і выхоўваць плацельшчыка трэба з юных гадоў, тлумачаць задумку ў інспекцыі.

З іншых навін - спецыяльнае табло для ўражанняў ад новага стылю працы.

Але галоўнае - зараз ніякіх асабістых інспектараў. Прыме той, хто свабодны. Карупцыйныя рызыкі звялі да мінімуму, упэўніваюць у профільным міністэрстве.

Ігар Клепча, першы намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі: "Чым менш кантакт плацельшчыка з інспектарам, тым менш спакус у адных і другіх пераступаць рамкі закону".

А вось наколькі далёка падатковая служба гатовая ісці далей у сваіх навацыях? Гавораць: развіццё электронных сэрвісаў застанецца прыярытэтным. Але пакуль цалкам адмовіцца ад стацыянарнага абслугоўвання немагчыма. Занадта шмат тэхнічных нюансаў. Затое працу над зменай іміджу інспектараў працягнуць актыўна. Прычым, з рэгіянальным акцэнтам.

З будучых навацый - таксама адмова ад тэрытарыяльнага прынцыпу абслугоўвання. Прасцей гаворачы, падаць дэкларацыю або прайсці адміністрацыйную працэдуру дазволяць у любой падатковай не проста горада - краіны. Незалежна ад месца рэгістрацыі. У міністэрстве растлумачылі: вырашаць пытанне на працягу максімум двух найбліжэйшых гадоў.