У Мінску прэзентавалі новае выданне Інстытута сацыялогіі

30 марта 2017

Беларусы ў вольны час адпачываюць у гарадскіх парках і ходзяць у кінатэатры. Такія вынікі атрымалі навукоўцы Інстытута сацыялогіі нашай краіны падчас маніторынгу.

Вынікі даследаванняў апублікавалі ў кнізе "Паводзінская стратэгія спажыўцоў культурнай прадукцыі". Напярэдадні працу прэзентавалі ў сталіцы. Адна з мэт гэтага праекта паказаць, што аснова развіцця любога грамадства - гэта нацыянальная культура.

Ірына Лашук, намеснік дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі:

"Грамадства развіваецца, змяняецца, і культура гэтага грамадства змяняецца. Таму павінны развівацца новыя падыходы вывучэння гэтай культуры. У першым раздзеле гэтай працы вельмі добра паказаныя прыярытэты каштоўнасцяў - гэта вельмі важна. Наша грамадства даволі традыцыйнае сёння. Першую тройку каштоўнасцяў займаюць здароўе, сям'я, дзеці".

Алена Гуляева, начальнік аддзела Міністэрства культуры Беларусі:

"Мы ж, абапіраючыся на вынікі гэтага даследавання, прымаем пэўныя рашэнні: мы нейкім чынам карэкціруем і заканадаўства ў сферы культуры і арганізацыйныя формы, якія сёння дзейнічаюць у культуры, мы прапануем для насельніцтва нейкія новыя формы працы і можам гаварыць аб тым, што гэта дае вынік".

Гэта першае выданне Інстытута сацыялогіі, якое выйшла ў Год навукі. Даследаванне аб сучаснай культуры беларусаў можна ўжо набыць ва ўсіх кнігарнях краіны.