У Мінску прапануюць новыя фарматы пошуку працы

4 мая 2017

Знайсці патрэбную вакансію сёння можна не толькі па аб'яве ў СМІ. Размяшчаюцца відэазапрашэнні, праводзяцца флешмобы. Ёсць і кадравыя агенцтвы, якія спецыялізуюцца на пошуку адзіных у сваім родзе спецыялістаў.

Больш падрабязна - у сюжэце Надзеі Сербіненкі. Гэты ролік у Інтэрнэце праглядзелі каля чатырох тысяч разоў. Мінская харавая капэла такім арыгінальным чынам вырашыла знайсці тэнара, баса і барытона і размясціла промавідэа ў сацыяльных сетках.

Тэлефанаванні пачалі паступаць амаль адразу. Зараз у калектыве - доўгачаканае папаўненне мужчынскімі галасамі. Выкладчык англійскай мовы – барытон - і юрыст - тэнар – актыўна рыхтуюцца да свайго першага выступлення перад публікай і развучваюць харавы рэпертуар.

Знайсці ўнікальнага ў сваім родзе спецыяліста, часта адзінага ва ўсёй краіне – работа Аляксея Нямковіча. "Заўсёды знаходзім" - слоган яго кампаніі, які трэба пастаянна пацвярджаць. PHP-распрацоўшчык, IT-дырэктар, шэф-повар для рэстарана высокай кухні, сакратар з веданнем трох моў - знайсці такіх работнікаў складана, але магчыма.

Зараз у Мінску каля васьмі тысяч адкрытых вакансій. Знайсці сваю працу мары можна не толькі пасля праходжання сумоўя. Часам праца сама знаходзіць неабходнага спецыяліста. Напрыклад, можна прайсці адукацыйныя курсы і адразу атрымаць запрашэнне на новае месца працы.

Павел Фядотаў – адзін з самых маладых вадзіцеляў трэцяга тралейбуснага парка. Пасля няўдалых пошукаў работы юнак запісаўся на курсы вадзіцеляў. Шэсць месяцаў стажыроўкі і сёння Павел упэўнена кіруе вялізнай машынай.

У спісе традыцыйных спосабаў пошуку працы застаюцца кірмашы вакансій – яны праводзяцца ў кожным раёне сталіцы некалькі разоў за месяц.