У Мінску з'явіўся знак "Беларусам замежжа"

8 сентября 2017

Урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла на Траецкай набярэжнай у гістарычным цэнтры горада. Скульптурная кампазіцыя выкананая з бронзы ў выглядзе кола дыяметрам дваа з паловай метры, што з'яўляецца сімвалам руху і развіцця, а таксама багатага гістарычнага мінулага: менавіта кола было сярод першых археалагічных знаходак на месцы сярэдневяковага Мінска. Аўтары манумента - скульптар Аляксандр Фінскі і архітэктар Армен Сардараў.

Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: "З адкрыццём гэтага помніка зноў заззяла сонейка і над Мінскам. Месца, у якім гэты помнік быў усталяваны, гэта тое месца, адкуль пайшоў наш горад, які хутка адзначыць 950-годдзе. А кола - гэта тое, што аб'ядноўвае людзей. Вось якраз гэтае кола - гэта сімвал нашага аб'яднання: тых, хто жыве на радзіме і за яе межамі".

Цырымонія стала першым афіцыйным мерапрыемствам у праграме трэцяга Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Сёння форум урачыста адкрыецца ў Белдзяржфілармоніі. Сёлетні фестываль сабраў суайчыннікаў з 19-ці краін. Упершыню ўдзел прымае Люксембург. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за мяжой пражываюць больш чым 3 мільёны беларусаў па паходжанні.