Сёлета ў сталіцы плануюць пабудаваць 735 тысяч квадратных метраў жылля. Новыя кватэры атрымаюць паўтысячы шматдзетных сем'яў. А вось узводзіць арэнднае жыллё ў гэтым годзе не будуць. Між тым пасля працяглых зімовых свят зноў актыўна працуе рынак нерухомасці. Рыэлтары адзначаюць зніжэнне кошту квадратнага метра як у кватэрах другаснага рынку жылля, так і ў новабудоўлях. Як палепшыць умовы пражывання - раскажа Наталля Кузьміцкая.
Асноўныя мікрараёны, якія забудоўваюцца сёлета, - Паўднёвы Захад з вуліцамі Міхалова і Алібегава, Лошыца 8, Каменная Горка, а таксама Сухарава з вуліцамі Шаранговіча - Гарэцкага.
У 2015 годзе на рынак выйшла некалькі праектаў квартальнай забудовы за межамі Мінска, якія сёння жыхары сталіцы ўжо лічаць бліжэйшым прыгарадам. Ва Уруччы і пасёлку Юбілейным з'яўляюцца жылыя тэрыторыі, што адпавядаюць мікрараёнам. Прыватныя забудоўшчыкі прапаноўваюць у сталіцы кватэры па праграме "Даступнае жыллё".
Сёння тыпавыя праекты - гэта панэльнае домабудаўніцтва. З пункту гледжання суадносін цана-якасць - прывабныя для спажыўцоў квадраты. Да таго ж забудоўшчыкі, згодна з генеральным планам сталіцы, вялікую ўвагу надаюць добраўпарадкаванню і арганізацыі жылога асяроддзя.
Палепшыць свае жыллёвыя ўмовы можна і за кошт другаснага рынку нерухомасці. Кошт квадратнага метра ў 2015 знізіўся на чвэрць. У топе продажу сёння - і жыллё эканамкласа.













