У Мінску пасля рэканструкцыі адкрылі стадыён "Арбіта"

21 июня 2016

Лёгкаатлетычны комплекс для прафесійных спартсменаў і фізкультурны аб'ект для жыхароў сталічнага мікрараёна Курасоўшчына. Сёння ў Мінску пасля рэканструкцыі адкрылі стадыён "Арбіта". Тут будуць трэніравацца не толькі лёгкаатлеты. У комплексе ёсць пляцоўкі для заняткаў вялікім тэнісам, трэнажорныя і гульнявыя залы.

Антаніна Станкевіч падрабязна. Аляксандра Шыбан у вялікім спорце зусім нядаўна, але таленавітая дзяўчынка ў свае 16 – ужо ўладальніца першага дарослага разраду па лёгкай атлетыцы. Як і большасць яе сяброў, марыць пра алімпійскі медаль. Праўда, ведае, што адных толькі думак для гэтага мала.

З такой матэрыяльнай базай ісці да залатых медалёў лягчэй, упэўнены прызёр Алімпійскіх гульняў, а сёння старшыня лёгкаатлетычнай федэрацыі Вадзім Дзевятоўскі. Праўда, і самім спартсменам прыйдзецца пастарацца.

Стадыён "Арбіта" ўрачыста адкрылі сёння пасля маштабнай рэканструкцыі. Гэта спецыялізаваны аб'ект, прызначаны ў большай ступені для тых, хто прафесійна займаецца лёгкай атлетыкай.

Новы спартыўны аб'ект даволі значны не толькі для сталіцы, але і для ўсёй краіны. Тут могуць трэніравацца спартсмены з розных рэгіёнаў. Таксама тут плануюць праводзіць і міжнародныя зборы, і спаборніцтвы. Тым больш што побач і іншая неабходная інфраструктура.

Акрамя таго, займацца на стадыёне могуць і жыхары найбліжэйшых дамоў. Пагуляць у валейбол, баскетбол ці проста прабегчыся змогуць усе ахвотнікі.