У Мінску падвялі вынікі працы Савета камандуючых пагранічных войскаў краін СНД

17 октября 2019
У Мінску падвялі вынікі працы Савета камандуючых пагранічных войскаў краін СНД - 16 рашэнняў падпісаны на пасяджэнні. Размова ідзе аб узаемадзеянні краін - удзельніц Садружнасці ў нейтралізацыі пагроз пагранічнай бяспекі. 

Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, самая складаная сітуацыя  -  на таджыкска-афганскім участку, куды  апошнім часам прыбылі каля 8 тысяч баевікоў  з Сірыі, Ірака і іншых гарачых пунктаў. Што датычыцца беларускай мяжы, то летась было выяўлена 28 асоб, якія мелі дачыненне да незаконных узброеных фарміраванняў. Сёлета іх 20. Зрэшты, адзначаецца, што дзякуючы сумесным намаганням наладжана надзейная сістэма бяспекі на знешніх межах Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Манілаў, намеснік старшыні Савета камандуючых пагранвойскамі СНД - старшыня каардынацыйнай службы: "Савет камандуючых надаў вялікую ўвагу вынікам дзейнасці за 2019 год, у прыватнасці, гэта правядзенне спецыяльных пагранічных аперацый, якія былі праведзены на заходнім кірунку і цэнтральна-азіяцкім кірунку. Па выніках гэтых аперацый затрыманы дзясяткі парушальнікаў дзяржмяжы, пагранрэжыму, наркотыкі, што сведчыць аб неабходнасці правядзення гэтых аперацый у далейшым".


А. Лукашэнка ўзнагароджаны знакам "Ганаровы пагранічнік СНД"

Падчас пасяджэння таксама стала вядома, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай Савета камандуючых, заснаванай кіраўнікамі дзяржаў, - нагрудным знакам "Ганаровы пагранічнік Садружнасці Незалежных Дзяржаў". Аляксандр Лукашэнка стаў першым лідарам, які адзначаны гэтай узнагародай. Яе даюць толькі за выдатныя заслугі ва ўмацаванні пагранічнай бяспекі.