У Мінску падлічваюць урон ад стыхіі, якая бушавала напярэдадні

18 июля 2018

Падчас штармавога ўдару пацярпелі два чалавекі. На вуліцы Кальварыйскай на студэнтаў абрынуўся каркасны павільён. Малады чалавек і дзяўчына атрымалі траўмы галавы. Яны шпіталізаваны. Стыхія вырывала дрэвы з каранямі, пашкоджаны 16 аўтамабіляў.

Пагаспадарыла стыхія і ў Мінскай вобласці. У Маладзечанскім і Чэрвеньскім раёнах ратавальнікі па некалькі разоў за ноч выязджалі на распілоўванне паваленых дрэў. Больш за ўсіх пацярпеў Маладзечанскі раён, там пашкоджаны дахі трох дзясяткаў будынкаў.

Шквалісты вецер не пашкадаваў і конеферму на 120 жывёл. Літаральна за 10 хвілін сарвала дах на стайні і выбіла вокны манежа. Самі жывёлы не пацярпелі.

Адкрытай праблемай застаецца падтапленне і некаторых сталічных вуліц. Справіцца з патокам вады на пешаходных Рэвалюцыйнай і Камсамольскай спецыялісты прадпрыемства "Мінская спадчына" паабяцалі за два-тры тыдні. Менавіта гэта арганізацыя і займалася рэканструкцыяй вуліц.