У Мінску па вуліцы Мельнікайтэ часткова абмяжуюць рух транспарту

27 октября 2015

У сталіцы па вуліцы Мельнікайтэ часткова абмяжуюць рух транспарту, у тым ліку і грамадскага. Нязручнасці звязаныя з будаўніцтвам трэцяй - зялёнай веткі сталічнага метрапалітэна. Нагадаем, зараз узводзяць 4 новыя станцыі: “Жукоўскага”, “Вакзальную”, “Клары Цэткін” і “Плошчу Юбілейную”. Антаніна Станкевіч з падрабязнасцямі.

Сталічная вуліца Мельнікайтэ хоць і не вельмі вялікая і ажыўленая, усе ж такі звязвае паміж сабой дзве буйныя магістралі - вуліцу Кальварыйскую і праспект Пераможцаў. Аднак з наступнага панядзелка рух на ёй абмяжуюць на ўчастку ад Адміністрацыі Цэнтральнага раёна да вуліцы Ракаўскай.

У якасці альтэрнатыўнага маршруту супрацоўнікі ДАІ прапаноўваюць рухацца па вуліцы Няміга ці праспектах Пераможцаў і Машэрава. Што ж да магчымасці прыпаркаваць аўтамабіль, два буйныя крытыя паркінгі ёсць таксама на вуліцы Няміга.

Зараз метрабудаўнікі ўзводзяць 4 новыя станцыі трэцяй – зялёнай веткі метро. Пакуль што ўся работа вядзецца на зямлі: гэта і падрыхтоўка фаршахтаў, і перанос інжынерных камунікацый. Непасрэдна пад зямлю будаўнікі перамесцяцца праз некалькі месяцаў.

Першымі на карце сталічнага метрапалітэна з’явяцца станцыі “Жукоўскага”, “Вакзальная”, “Клары Цэткін” і “Плошча Юбілейная”. Будаўніцтва трэцяй веткі метро разлічана пакуль што да канца 2017 года. Але тэрміны адкрыцця новых станцый могуць перагледзець. Праз некалькі месяцаў метрабудаўнікі ўвядуць у эксплуатацыю новы механізаваны комплекс, які можа паскорыць тэмпы пракладкі тунеля.