У Мінску адзначылі 7 лістапада

7 ноября 2016

Пра тое, як адзначалі 7 лістапада тыя, для каго ён па-ранейшаму "чырвоны дзень календара". Паводле традыцыі, урачыстасці пачаліся на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Сотні людзей сабралися ля помніка Леніну. Шматлікія з яго ідэй дагэтуль фарміруюць дзяржаўную палітыку Беларусі. Гэта даступная адукацыя і медыцына, сацыяльная справядлівасць, дзяржаўны клопат аб пажылых. У памяць аб падзеях амаль стогадовай даўнасці да падножжа манумента лідару Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсклалі кветкі.

Яшчэ адзін помнік Леніну з'явіўся і ў скверы каля Мінскага трактарнага завода - над бронзавай скульптурай папрацавалі рэстаўратары і вярнулі першапачатковы выгляд. Раней манумент знаходзіўся ва ўнутраным панадворку завода, але па просьбах працаўнікоў прадпрыемства і ветэранаў яго вярнулі ў сквер.

Ігар Карпенка, першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі: "Гэтае прадпрыемства было перадавіком, вельмі паспяхова працавала, і ў 1976 годзе яму прысвоілі імя Леніна. Ветэраны, якія звярнуліся да кіраўніцтва прадпрыемства, папрасілі, каб гэты помнік быў выстаўлены ў скверы нараўне з першым трактарам, які быў выпушчаны заводам, тымі ордэнамі, якімі прадпрыемства было ўзнагароджана".

Таксама сёння прадставілі і самага магутнага "Беларуса". У механічнага волата з новай лінейкі трактарнага завода 450 конскіх сіл. Акрамя таго, кабіна вадзіцеля абсталяваная мноствам разумных сістэм - навігацыі, дакладнага земляробства і іншымі.

Віталь Воўк, міністр прамысловасці Беларусі: "Гэта новая лінейка, але ў свеце існуюць і больш магутныя трактары. Мы зараз працуем над імі. Трэба, каб у нас была ўся лінейка трактароў, ад самага маленькага да самага вялікага, каб пакупнік мог выбраць і не пайшоў да канкурэнтаў. Хочацца верыць, што ў гэтай мадэлі будзе такі ж поспех, як і ў мадэлі БелАЗа 450 тон".

Паводле традыцыі, да 7 лістапада беларусы атрымалі і мноства сацыяльных падарункаў - па адным дзіцячым садку з'явілася ў вёсцы Ляскоўка Мінскай вобласці і горадзе Мазыр. У Магілёўскім рэгіёне запрацаваў Чавускі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Акрамя таго, скончылі працы па пашырэнні і мадэрнізацыі ўчастку дарогі на трасе Мінск - Слуцк. А ў сталіцы сваіх першых пацыентаў пачала прымаць сучасная паліклініка.